“Дажынкі-2025” на Дзятлаўшчыне.  Славім герояў жніва!

“Дажынкі-2025” на Дзятлаўшчыне. Славім герояў жніва!

06.09.2025 Выкл. Автор admin
“Дажынкі-2025” на Дзятлаўшчыне.  Славім герояў жніва!

Галоўнай падзеяй раённага фестывалю-кірмашу працаўнікоў сельскай гаспадаркі стала цырымонія ўшанавання механізатараў, вадзіцеляў, аператараў збожжасушыльных комплексаў, повараў, якія вызначыліся ў пасяўной і ўборачнай кампаніях 2025 года. Яна адбылася на плошчы 17 Верасня ў Дзятлаве.

У святкаванні прынялі ўдзел прадстаўнікі кіраўніцтва, грамадскіх аб’яднанняў, жыхары раёна, запрошаныя госці, у ліку якіх – начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела РУП “БеларуснафтаГроднааблнафтапрадукт” Аляксандр Надуцік.

Разам з дзятлаўчанамі падзякавалі Богу за добры ўраджай і асвяцілі хлеб 2025 года благачынны цэркваў Дзятлаўскай акругі іерэй Іаан Кісель і настаяцель касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ксёндз Андрэй Лішко.

Старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі  павіншаваў хлебаробаў са святам і падзякаваў ім за шчырую працу на роднай зямлі:

– Сёння мы адзначаем раённае свята “Дажынкі” і падводзім вынікі ўборачнай кампаніі, якая патрабавала ад вас, шаноўныя хлебаробы, максімальнай самааддачы, цярпення і прафесіяналізму. Сёлетняя ўборачная кампанія была няпростай. Нягледзячы на гэта і дзякуючы вашай зладжанай рабоце, працавітасці, яна завершана паспяхова. Вы выстаялі і даказалі, што наш раён – гэта тэрыторыя моцных духам, адданых сваёй малой радзіме людзей. Працаўнікі вёскі сёлета сабралі багаты ўраджай збожжавых і зернебабовых культур, валавы збор склаў каля 68 тысяч тон (прыбаўка ўраджаю больш за 8 тысяч тон) з сярэдняй ураджайнасцю 42 цэнтнеры з гектара (на 8 цэнтнераў з гектара больш за мінулагодні), зрабіўшы важкі ўклад не толькі ў дабрабыт раёна, але і ў харчовую бяспеку нашай краіны.

Ва ўборцы ўраджаю прымалі ўдзел 55 камбайнавых экіпажаў. Лідарам жніва-2025 стаў камбайнавы экіпаж СГФ “АграМілк” у саставе Руслана Міклаша і Віктара Ёды, якія намалацілі 2843 тоны збожжа і рапсу. Намалоту звыш 2 тысяч тон дасягнулі 9 камбайнавых экіпажаў раёна, тысячны рубеж перасягнулі 22.

На перавозцы збожжа найлепшага паказчыка ў 4127 тон дасягнуў вадзіцель ААТ “Граніт-Агра” Міхаіл Нагорны, больш за 3 тысячы тон збожжа перавезлі 7 вадзіцеляў, звыш 2 тысяч тон – 6 вадзіцеляў і больш за тону – тры вадзіцелі. Самы важкі вынік на сушэнні збожжа паказала брыгада ААТ “Граніт-Агра” пад кіраўніцтвам звеннявога Андрэя Бучы, якая прасушыла 9843 тоны.

Дарагія працаўнікі сельскай гаспадаркі, ад Дзятлаўскага райвыканкама прыміце самыя шчырыя віншаванні з вашым святам. Моцнага вам здароўя, невычэрпнай энергіі, міру вашым сем’ям. Няхай у вашых дамах заўсёды пануе дабрабыт, а праца будзе ўшанаванай і дастойна ўзнагароджанай. Няхай зямля, якую вы апрацоўваеце з вялікай любоўю, і надалей адказвае вам багатым шчодрым ураджаем.

Па добрай дзятлаўскай традыцыі сімвал паспяховага завяршэння жніва – духмяны каравай – уручыў старшыні райвыканкама Андрэю Садоўскаму яго першы намеснік – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталій Шулейка.

Нягледзячы на складаныя ўмовы надвор’я, якія выпрабоўвалі нашых аграрыяў на кожным з этапаў работ, раённы каравай атрымаўся небывалым – 67 744 тоны намалочанага збожжа. За важкі ўклад ва ўборачную кампанію кіраўнікі ўсіх сельгаспрадпрыемстваў атрымалі ад кіраўніцтва раёна сімвалічныя караваі з лічбамі намалочанага імі збожжа: ААТ “Граніт-Агра” – 17 586 тон (Уладзімір Лашко), СГФ “АграМілк” – 11 169 тон (Аляксандр Грынкевіч), ААТ “Дварэц-Агра” – 10 704 тоны (Дзмітрый Дожын), КСУП “Войневічы” – 7619 тон (Сяргей Францішчык), КСУП “Хвінявічы” – 3152 тоны (Мікалай Бубноўскі), КСУП “Жукоўшчына” – 2928 тон (Мікалай Шых).

Кульмінацыяй свята стала цырымонія ўзнагароджання пераможцаў раённых спаборніцтваў на пасяўной кампаніі, уборцы ўраджаю, якія паказалі высокі вынік, пры гэтым не дапусцілі парушэнняў вытворчай і тэхналагічнай дысцыпліны, умоваў аховы працы. Узнагароды аграрыям уручыў Андрэй Садоўскі.

Пераможцы раённых спаборніцтваў на вясновых палявых работах у 2025 годзе сярод прадпрыемстваў размеркаваліся наступным чынам: 1-е месца – КСУП “Войневічы” (дырэктар Сяргей Францішчык, галоўны аграном Іван Палуянцэвіч, галоўны інжынер Сяргей Пятліцкі), 2-е месца – СГФ “АграМілк” (дырэктар  Аляксандр Грынкевіч, галоўны аграном Андрэй Лежань, намеснік начальніка Васіль Каральчук), 3-е месца – ААТ “Дварэц-Агра” (дырэктар Дзмітрый Дожын, намеснік дырэктара Дзяніс Тамкевіч).

Лідарамі раённых спаборніцтваў на ўборцы зерневых і зернебабовых культур у 2025 годзе сталі наступныя прадпрыемствы: 1-е месца – ААТ “Дварэц-Агра”, 2-е месца – ААТ “Граніт-Агра” (дырэктар – Уладзімір Лашко, галоўны аграном – Алена Майсейчык, галоўны інжынер – Аляксандр Спасюк), 3-е месца – СГФ “АграМілк”.

З заканчэннем уборачнай кампаніі аграрыяў раёна павіншавала першы сакратар Дзятлаўскага раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык і ўручыла ўзнагароды раённага спаборніцтва на ўборцы  рапсу, зерневых і зернебабовых культур сярод моладзевых экіпажаў і маладых вадзіцеляў, аграномаў і інжынераў, занятых на жніве-2025.

Павіншаваў прысутных са святам і ўручыў прафсаюзныя ўзнагароды хлебаробам старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак.

У межах святкавання раённага фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2025” прайшлі тэматычныя конкурсы, пераможцы якіх былі ўзнагароджаны на галоўнай сцэне раёна.

Лепшымі ў вырабе і афармленні дажынкавага снапа, а таксама гаспадарамі самага гасціннага сельскагаспадарчага падворка былі прызнаны работнікі ААТ “Граніт-Агра”, самы духмяны і прыгожы каравай атрымаўся ў КСУП “Войневічы”. Дыпломы пераможцам уручыў Віталій Шулейка, грашовыя прэміі будуць пералічаны на рахунак прадпрыемстваў.

Пазітыўны настрой і добрыя песні гасцям раённых “Дажынак-2025” дарылі артысты Дзятлаўшчыны і народны ансамбль песні, музыкі і танца “Белыя Росы”.

Подписывайтесь на телеграм-канал «Культура Дятловщины» по короткой ссылке @CULTUREDYATLOV И Инстаграм «Центр Культуры Дятлово» по короткой ссылке @tkultury.