Гэты дзень вы набліжалі, як маглі

Гэты дзень вы набліжалі, як маглі

05.05.2023 Выкл. Автор admin

       Напярэдадні 78-годдзя Вялікай Перамогі віншаванні са святам прымаў ветэран Вялікай Айчыннай вайны Сцяпан Сафонаў.
         З віншаваннямі, падарункамі, кветкамі і песнямі да яго ў вёску Гірычы завітала цэлая дэлегацыя гасцей.

      Старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі ад імя ўсіх дзятлаўчан падзякаваў Сцяпану Маісеевічу за мірнае неба і пажадаў здароўя і даўгалецця.

      З нагоды свята Аляксандр Станіслававіч уручыў ветэрану падарунак ад старшыні аблвыканкама Уладзіміра Караніка.

    Да словаў віншавання далучыўся ваенны камісар Дзятлаўскага раёна Генадзь Суравец, паабяцаўшы, што сучаснае пакаленне будзе імкнуцца быць дастойным подзвігу сваіх продкаў.
Начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вольга Рагачова ўручыла ветэрану падарунак і кветкі ад раённай арганізацыі ГА “Белая Русь”. Першы сакратар раённай арганізацыі ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык таксама прыехала да Сцяпана Сафонава з прыемнай місіяй: яна далучыла ветэрана да моладзевай акцыі “Кветкі Вялікай Перамогі”: побач з медалямі прышчапіла да лацкана яго пінжака яблыневы цвет, які сімвалізуе ў Беларусі Дзень Перамогі. Такія ж кветкі ўпрыгожылі акно ў доме ветэрана.

     Ужо традыцыйнымі сталі “Салдацкі трохкутнік” з віншаваннем ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі, а таксама святочны прадуктовы набор ад гандлёвай сеткі “Еўраопт”, які перадала ветэрану дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Таццяна Нікіпорчык.
      У гэты дзень Сцяпана Маісеевіча не абышлі ўвагай і віншаваннямі Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа і маленькія “шэфы” ветэрана – навучэнцы Раклевіцкай базавай школы разам са сваімі настаўнікамі.

      Прыемным сюрпрызам ветэрану стала песня “Дзень Перамогі”, якую Сцяпану Сафонаву падарылі артысты Дзятлаўшчыны.