
Гэта было іскрыста, вогненна, феерычна!
Напэўна, так скажа кожны, хто гэтым вечарам далучыўся да раённага свята. Разам з пажарным Дзедам Марозам дзятлаўчане запалілі агні на галоўнай ёлцы раёна.
Арганізатары свята пастараліся, каб яно стала па-сапраўднаму асаблівым і запамінальным. Сюрпрызы пачыналіся з самага старту: у святочнай калоне разам з Дзядамі Марозамі, Снягурачкамі і іншымі абаяльнымі казачнымі персанажамі, якія з’ехаліся з розных працоўных калектываў раёна, навагоднімі трубачамі Новаяльнянскага аркестра рухаліся па-навагодняму ўпрыгожаная спецтэхніка і аўтамабілі арганізацый Дзятлаўшчыны.
На плошчы 17 Верасня было надзвычай людна, у госці да дзятлаўчан завіталі Зіма, Снегавікі, Дзядуля Мароз, якому дапамаглі адрамантаваць чароўны посах артысты і госці свята. Разам з удзельнікамі студыі “Яркае свята для ўсіх” маленькія і дарослыя дзятлаўчане станцавалі флэш-моб, а некаму нават пашчасціла выйграць сімвал надыходзячых святаў – жывое навагодняе дрэва, прадастаўленае Дзятлаўскім лясгасам.
Для ўсіх аматараў яркага, смачнага і займальнага на плошчы працавалі гандлёвыя кропкі.Кульмінацыяй вечара стала працэдура запальвання галоўнай прыгажуні Новага года – высокай упрыгожанай ёлкі. Гэту місію са “стралы” пажарнага аўтамабіля выканаў Дзед Мароз-ратаўнік – начальнік дзяжурнай змены Дзятлаўскага РАНС Аляксандр Шапуцька, а дзятлаўчане падтрымалі дружнымі карагодамі.Урачыстасць прадоўжылася не менш эфектным вогненным шоу ад каманды “Базинга фаер” з горада Гродна і музычна-танцавальнай праграмай ад артыстаў раёна.