Гучы, не змаўкай, матуліна песня
У намінацыі “Лепшы дарослы калектыў” абласнога фестывалю традыцыйнай культуры “Скарбы Гродзеншчыны” дыпломам І ступені і спецыяльным прызам гэтай восенню адзначаны народны фальклорны гурт вёскі Погіры Гезгалаўскага дома культуры.
Кажуць, у песні жыве душа народа. Як удалося пакарыць прафесійнае журы пад кіраўніцтвам старшыні Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, доктара мастацтваў, прафесара Яўгена Сахуты, і як погірскія спявачкі захоўваюць старадаўнія матывы і манеру выканання “матулінай песні” расказала кіраўнік гурта Тамара Ступак:
– У рэпертуары нашага фальклорнага калектыву песні, якія сёння ўжо не спяваюць. Яны характэрныя для перыяду 18-20 стагоддзяў – “матуліны песні”, як мы іх называем, што перадаваліся ад маці –дачцэ, ад бабулі – унучцы. Іх жанчыны пяюць не па нотнай грамаце, а на памяць, стараючыся перадаць манеру і мясцовую гаворку. На фестывалі мы выканалі старадаўні твор “А ў полі азярэчка…”. Песня “магутная”, галасы жанчын нясуць яе ўвышыню так, што здаецца, разам спявае ўсё наваколле, у гучанні перадаюцца моўныя прынцыпы ікання і якання – такая аўтэнтычная гаворка раней была ў вёсцы Погіры. Прычым ўжо шмат гадоў жанчыны нашы спяваюць акапэльна, без акампанементу.
Адметна, што ў гэтым годзе на “Скарбах Гродзеншчыны” былі фальклорныя калектывы з усіх раёнаў. І сярод гэтай масы дастойных выканаўцаў нам удалося вылучыцца з усяго адным творам. Дарэчы, рыхтавалі для выканання і другую песню “Сонца красная”, але з-за значнай колькасці канкурсантаў час выступленняў скарацілі, і кожны гурт праспяваў па адной песні. Гэтага было дастаткова, каб нас станоўча ацаніла журы на чале са строгім знаўцам народнай творчасці Яўгенам Сахутам.
Перамогу ў намінацыі “Лепшы дарослы калектыў” нашы погірскія спявачкі ўспрынялі вельмі эмацыйна, радаваліся бясконца. Падбадзёрвала і тое, што іншыя ўдзельнікі фестывалю падыходзілі пасля выступлення і зазначалі, як мы вельмі добра спявалі.
– Тамара Андрэеўна, якая гісторыя вашага калектыву і хто ў саставе?
– Нашы спявачкі з катэгорыі 70+, і я вельмі ўдзячна жанчынам, што яны знаходзяць сілы, энергію, жаданне прадаўжаць сваё цеснае сяброўства з песняй, выступаць і славіць нашу Дзятлаўшчыну сваімі звонкімі галасамі. Нізка кланяюся ўсяму саставу народнага фальклорнага гурта вёскі Погіры, якім кірую амаль дзесяць гадоў. Гэта Марыя Белавус, Марыя Шыдла, Алена Захарчэня, Рэгіна Дула, Соф’я Яцко, Алена Станкевіч.
Калектыў наш быў заснаваны Аляксандрай Шыдла ў 1978 годзе, у 1995-м атрымаў званне народнага. У рэпертуары значнае месца займаюць абрады, сярод самых вядомых – “Алыкоднікі”, “Юр’е”, “Калядоўшчыкі”. Яшчэ разам з удзельнікамі дзіцячага аб’яднання пры Гезгалаўскім доме культуры, якім кіруе Святлана Русак, мы правялі рэканструкцыю абрада “Уваходзіны”. Восенню 2023 года гэты абрад запісала здымачная група канала Беларусь 3, неаднойчы яго можна было ўбачыць па тэлебачанні.
Наш песенны рэпертуар складаюць абрадавыя, сямейна-бытавыя, гумарыстычныя песні, жарты, прыпеўкі. Нават за межамі вобласці ведаюць погірскую кадрыль. Захавалі мы і такія традыцыйныя танцы, як падыспань, “На рэчаньку”, кракавяк, “Лысы”, каробачка, праводзім па іх майстар-класы. Песні нашага калектыву ўвайшлі ў зборнік “Песні Беларускага Панямоння” Тамары Варфаламеевай, трохтомнік “Традыцыйная мастацкая культура беларусаў. Гродзенскае Панямонне”. Удзельніца гурта Рэгіна Дула не толькі цудоўна спявае, але і піша гумарыстычныя вершы, якімі ў перапынках паміж нумарамі аздабляе нашы выступленні.
Мы з’яўляемся традыцыйнымі ўдзельнікамі і прызёрамі абласнога фестывалю “Панямоння жыватворная крыніца”, летась прадстаўлялі раён на адкрыцці абласной выставы “Самабытная Дзятлаўшчына”, былі ўдзельнікамі тыдня традыцыйнай культуры “Ад даўніны да нашых дзён”, раённага фестывалю фальклору “Вянок творчасці народнай”, святаў “Дажынкі”, іншых мерапрыемстваў.
Каб “матуліна песня” гучала, не змаўкала, не згубілася ў плыні часу, я ад рукі вяду сшытак, дзе сабралася ўжо каля сотні мясцовых фальклорных твораў, нам ёсць чым папаўняць рэпертуар, а жанчыны па памяці напяваюць іх матывы.
– Ці склаліся ў вашага калектыву свае традыцыі?
– Усе нашы спявачкі вельмі добразычлівыя, улюбёныя ў народную песню і культуру, яны ўмеюць і любяць жартаваць, усе цудоўныя гаспадыні, але даўно жывуць адны. На святы, асабліва царкоўныя, мы любім бавіць час разам: павіншаваць адна адну, паспяваць, пачаставаць хатнімі стравамі, падзяліцца новымі рэцэптамі, падтрымаць, пагутарыць. Безумоўна, жыхары Погіраў ведаюць, што на Вялікдзень мы абавязкова пойдзем па падворках, парадуем іх алыкоднымі песнямі, а на Нараджэнне Хрыстова – каляднымі.
– Чаго пажадаеце спявачкам “матулінай песні” і ўсім жанчынам раёна да Дня маці, а таксама “калегам па цэху” да Дня работнікаў культуры, які адзначым 13 кастрычніка?
– Міру і здароўя, дабрабыту ў сем’ях, каб заставаліся шчырымі, памяркоўнымі людзьмі, каб радавалі дзеці і блізкія. Удзельніцам гурта – каб менш хварэлі і яшчэ многія гады не развітваліся з песняй, захоўвалі гэту духоўна-культурную спадчыну для землякоў, дарылі людзям бадзёрасць і добры настрой.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Культура Дятловщины» по короткой ссылке @CULTUREDYATLOV И Инстаграм «Центр Культуры Дятлово» по короткой ссылке @tkultury.