Глыбінкай жыве Беларусь. Мікалай Дамастой: “Дзякуючы рабоце, пражыў да 90 гадоў”

Глыбінкай жыве Беларусь. Мікалай Дамастой: “Дзякуючы рабоце, пражыў да 90 гадоў”

04.02.2025 Выкл. Автор admin
Глыбінкай жыве Беларусь. Мікалай Дамастой: “Дзякуючы рабоце, пражыў да 90 гадоў”

Салідны юбілей – 90-годдзе з дня нараджэння – адзначыў нядаўна наш зямляк Мікалай Дамастой. Павіншаваць яго ў вёску Падвялікае, дзе жыве юбіляр, прыехаў творчы калектыў сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці. Па традыцыі – з вясёлымі песнямі, найлепшымі пажаданнямі здароўя і дабрабыту.

Мікалай Аляксандравіч нарадзіўся ў вёсцы Монькавічы Мастоўскага раёна ў шматдзетнай сялянскай сям’і, у якой выхоўвалася шэсць дзяцей. У час Вялікай Айчыннай вайны загінуў бацька, а неўзабаве ад хваробы памерла і мама. Дзецям-сіротам прыйшлося вельмі цяжка без іх.

Мікалай Аляксандравіч скончыў усяго шэсць класаў. Магчымасці рэгулярна наведваць школу не было, дзеці мусілі пасвіць людскіх кароў, каб выжыць.

Да 1958 года працаваў у калгасе, затым была служба ў арміі ў горадзе Мурманску. Пасля паехаў у Стаўрапаль працаваць мантажнікам, узводзіць цэхі і карпусы легендарнага завода “АўтаВАЗ” у горадзе Тальяці.

Неяк раз хлопец прыехаў у вёску Падвялікае на адпачынак да сястры, якая ўжо выйшла замуж і жыла тут з мужам. Яна пазнаёміла брата з сяброўкай, вельмі прыгожай і сціплай дзяўчынай Ядвігай. Гэта было каханне з першага погляду. Пачалася перапіска, а не за доўгім часам маладыя вырашылі пажаніцца. Мікалай спачатку павёз жонку ў Тальяці, але з-за цяжкага матэрыяльнага становішча яны вярнуліся назад. Ды і вельмі сумавалі па Радзіме.

Мікалай моцна любіў жонку. Ядвіга заваявала хлопца сваёй прыгажосцю, спакойным характарам, працавітасцю, акуратнасцю, адказнасцю. Маладыя сталі будаваць свой дом у вёсцы Падвялікае. Хутка ў іх нарадзіліся два сыны. Цяпер Сяргей і Аляксандр са сваімі сем’ямі жывуць у Дзятлаве. Не толькі дзеці, але і чацвёра ўнукаў і трое праўнукаў радуюць юбіляра, клапоцяцца пра роднага чалавека.

Мікалай і Ядвіга працавалі ў лясніцтве. Агульны стаж у мужчыны склаў 45 гадоў. Працуючы лесніком, ён разумеў, што гэта яго прызванне.

– Можа, дзякуючы сваёй рабоце і пражыў да 90-гадовага ўзросту. Знаходзіўся кожны дзень на свежым паветры ў любое надвор’е. Хадзіць прыходзілася шмат, працаваць цяжка, а для гэтага трэба мець добрую фізічную форму, быць уважлівым, умець арыентавацца  ў лесе, але я любіў гэтую справу. На свае вочы бачыў усіх звяроў, якія водзяцца ў нашых лясах, адрозніваю па гуках птушак. Вось мне ўжо 90 гадоў, а я з задавальненнем хаджу ў лес, праўда, рэдка, таму што дзеці забараняюць, але кожны дзень хадзіў бы, – расказвае мужчына.

У Мікалая Аляксандравіча ёсць яшчэ адно захапленне – гэта трактар. Да яго ён набыў разнастайныя агрэгаты і мог апрацоўваць не толькі сваё поле, але і аказваць транспартныя паслугі аднавяскоўцам.

– Жыццём сваім я задаволены, – гаворыць Мікалай Дамастой. – Вельмі радуе, як дзяржава адносіцца да пенсіянераў, падтрымлівае, цяпер нашмат лягчэй жыць, чым у часы майго дзяцінства і маладосці. Няхай і ў будучым родная краіна толькі развіваецца і прыгажэе.

Подписывайтесь на телеграм-канал «Культура Дятловщины» по короткой ссылке @CULTUREDYATLOV И Инстаграм «Центр Культуры Дятлово» по короткой ссылке @tkultury.