Ганаруся табой, пасёлак мой!

Ганаруся табой, пасёлак мой!

23.08.2025 Выкл. Автор admin
Ганаруся табой, пасёлак мой!

У бязмежнай любові і павазе да роднага краю, напэўна, прызнаюцца ўсе жыхары непаўторнага куточка Дзятлаўшчыны – гарпасёлка Наваельня. У перадапошнюю суботу жніўня новаяльнянцы адсвяткавалі дзень нараджэння     сваёй малой радзімы, ушанавалі яе працавітых, таленавітых жыхароў.

Адкрыла мерапрыемства выступленне візітнай карткі пасёлка – Новаяльнянскага духавога аркестра пад кіраўніцтвам Сяргея Майсюка.

Павіншавала землякоў са святам старшыня Новаяльнянскага сельвыканкама Людміла Радзевіч:

– У гэты асаблівы дзень мы з вамі ўшаноўваем наш родны дом, нашу агульную гісторыю і будучыню. Свята пасёлка аб’ядноўвае ўсіх, хто тут нарадзіўся, прыехаў працаваць і жыць, уклаў часцінку сваёй душы ў станаўленне і развіццё малой радзімы, працуючы дзеля яе росквіту. Мы ганарымся нашай Наваельняй, яе працавітымі і таленавітымі жыхарамі, багатай гісторыяй і культурай. Час не стаіць на месцы, і наш пасёлак з кожным годам пераўвасабляецца, становіцца ўсё больш камфортным для жыцця, расце яго культурны і духоўны патэнцыял. Толькі ў 2025 годзе ў Наваельні была добраўпарадкавана дваровая тэрыторыя, зроблены капітальны рамонт шматкватэрнага дома, наводзіцца парадак на землях агульнага карыстання, будуецца спартыўная пляцоўка каля школы і ёсць яшчэ шмат амбіцыёзных планаў. Радуе тое, што становяцца прыгожымі і прыватныя дамы і двары. У гэты святочны дзень шчыра дзякую ўсім, хто робіць свой уклад у развіццё і росквіт Наваельні. Няхай свята прынясе ў кожны дом радасць і добры настрой, стане стымулам новых здзяйсненняў для нашага роднага пасёлка. Жадаю ўсім моцнага здароўя, дабрабыту, міру і шчасця.

Людміла Аляксандраўна падкрэсліла, што самае вялікае багацце гарпасёлка – яго жыхары. У гэты дзень віншаванні і падарункі прымалі доўгажыхарка Наваельні Анастасія Кардаш, а таксама самы юны пасялковец Мацвей Дайліда і яго бацькі.

Па традыцыі землякі павіншавалі юбіляраў, якія сёлета святкуюць залатое і сярэбранае вяселле.

Ва ўрачыстай абстаноўцы лепшыя работнікі і выдатныя грамадскія дзеячы Наваельні атрымалі сертыфікаты аб занясенні на пасялковую Дошку гонару. Сёлета ў іх ліку ізаліроўшчык Новаяльнянскага ўчастка ізаляцыі труб ААТ “Гроднагазбудізаляцыя” Міхаіл Валожын, галоўны механік ААТ “Новаяльнянскі камбінат хлебапрадуктаў” Аляксей Ганчарук, слесар жыллёва-рамонтна-эксплуатацыйнага ўчастка “Наваельня” Дзятлаўскага РУП ЖКГ Дзмітрый Жыдкоў, настаўніца гісторыі Новаяльнянскай сярэдняй школы імя А. А. Шаўчук Алёна Жых, памочнік выхавальніка Новаяльнянскага дзіцячага сада Таццяна Клімец, медыцынская сястра агульнай практыкі Новаяльнянскай гарадской бальніцы Таццяна Кушаль, грузчык ААТ “Дзятлаўская сельгастэхніка” Ігар Рэгіневіч, вядучы юрысконсульт рэспубліканскай туберкулёзнай бальніцы “Наваельня” Таццяна Рэзнікава.

За шматгадовую сумленную працу і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці пасёлка Людміла Радзевіч уручыла землякам раённыя ўзнагароды. Ганаровай граматай Дзятлаўскага райвыканкама былі адзначаны галоўны доктар рэспубліканскай туберкулёзнай бальніцы “Наваельня” Дзмітрый Бахар і доктар-фтызіятр гэтай установы аховы здароўя Мечыслаў Доўгань, самазаняты грамадзянін Віталь Маліка і старшая медыцынская сястра Таццяна Акуновіч; падзячным лістом старшыні Дзятлаўскага райвыканкама – хармейстар Новаяльнянскага дома культуры Анастасія Клімец, доктар-фтызіятр рэспубліканскай туберкулёзнай бальніцы “Наваельня” Антаніна Абярухціна, санітарка ўстановы Таццяна Саалятэ, кіраўнік аматарскага аб’яднання “Эпатажны блюз” Ірына Рабушка, дырэктар ААТ “Новаяльнянскі камбінат хлебапрадуктаў” Ігар Язэпаў; падзячным лістом старшыні Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў былі адзначаны доктар-фтызіятр рэспубліканскай туберкулёзнай бальніцы “Наваельня” Аляксандр Бахар, медыцынская сястра Таццяна Лапата і намеснік галоўнага доктара Віктар Сямашка, слесар-сантэхнік жыллёва-рамонтна-эксплуатацыйнага ўчастка “Наваельня” Дзятлаўскага РУП ЖКГ Віктар Дайліда, медыцынская сястра агульнай практыкі Новаяльнянскай гарадской бальніцы Таццяна Кушаль.

Былі падведзены вынікі конкурсу букетаў і кветкавых кампазіцый “Кветкі – любімаму пасёлку”, у якім прынялі ўдзел працоўныя калектывы і жыхары Наваельні. Па меркаванні журы і гледачоў пераможцам стаў калектыў Новаяльнянскай гарадской бальніцы, віцэ-чэмпіёнам – Новаяльнянская дзіцячая школа мастацтваў, трэцяе месца – у Новаяльнянскага дзіцячага сада. Дыпломамі за актыўны ўдзел адзначаны Новаяльнянскі КХП і жыхарка пасёлка Марына Ажахоўская.

Добры настрой і цудоўныя песні гасцям мерапрыемства дарылі артысты і творчыя калектывы раёна – аматарскае танцавальнае аб’яднанне “Эпатажны блюз”, Марына Кекшук, Аляксандр Саалятэ, Галіна Сушко, а таксама запрошаныя госці – салістка Гродзенскай абласной філармоніі Ала Аўдзейчык і зорка беларускай эстрады Сяргей Славянскі.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Культура Дятловщины» по короткой ссылке @CULTUREDYATLOV И Инстаграм «Центр Культуры Дятлово» по короткой ссылке @tkultury.