
Вочы разбягаюцца, а ногі ў скокі ідуць: сельскагаспадарчы кірмаш у Дзятлаве (+відэа)
Па добрай традыцыі завяршальны раённы сельскагаспадарчы кірмаш прайшоў у райцэнтры на плошчы 17 Верасня.
Ён быў прадстаўлены шырокім гандлем, канцэртнай праграмай і бяспройгрышнай латарэяй.
Багаты сёлетні ўраджай зерня, садавіны і агародніны прывезлі практычна ўсе сельгаспрадпрыемствы раёна, фермеры і прыватныя прадпрымальнікі. Найбольшы ажыятаж назіраўся каля машын з зернем, якога прывезлі багата, і яблыкамі.
Дзятлаўчане актыўна куплялі як традыцыйныя капусту, цыбулю, моркву, буракі, арэхі і мёд, так і брокалі, свежую рыбу, саджанцы і нават капелюшы з матрошкамі. Цікавіліся прамысловымі таварамі і вырабамі майстроў з лёну, дэкаратыўнымі цукеркамі, кухоннымі прыладамі, сувенірамі.
Дастаўлялі свае пакупкі дзятлаўчане таксама рознымі спосабамі: у руках, на гаспадарчых вазках, сумках на колах, на тачках, уласных машынах і нават на таксі. Тым, каму цяжкавата было даставіць пакупкі ад прылаўка да транспарту або дома, дапамагалі валанцёры раённай арганізацыі ГА “БРСМ”.
– Сёння тут са мной вучні 10 класа сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава, добраахвотнікі моладзевага руху, – расказала першы сакратар раённай арганізацыі ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык. –Разам з імі мы прапануем дзятлаўчанам даставіць набыты тавар ад гандлёвага месца да прыпаркаванага непадалёку транспарту, бо важкія пакупкі жанчынам або пажылым людзям нават на невялікую адлегласць данесці бывае няпроста. Для гэтага мы прывезлі з сабой на кірмаш тачку. Людзі актыўна карыстаюцца нашай дапамогай.
У халодны кірмашовы дзень добры настрой дзятлаўчанам стваралі цёплыя душэўныя песні і яскравыя жарты ад артыстаў і творчых калектываў Дзятлаўшчыны. На “Восеньскім кірмашы” свае песні гасцям дарылі ансамблі “Зараначка”, “Суседзі”, “Мара”, салісты, творчыя калектывы з Новаяльнянскага, Гезгалаўскага, Данілавіцкага, Казлоўшчынскага дамоў культуры.
Для ахвотнікаў выпрабаваць удачу на працягу ўсяго мерапрыемства працавала жартоўная бяспройгрышная латарэя. Кожны, хто купіў шчаслівы білецік, не пайшоў з кірмашу з пустымі рукамі. Галоўны прыз – гаспадарчую сумку на колах — выйграла Святлана Кветка з КСУП “Жукоўшчына”.
— На кірмаш прыехала гандляваць, разам з калегамі з КСУП “Жукоўшчына” прадавалі яблыкі, буракі, моркву. Купіла пяць білетаў, усе падарункі парадавалі, спатрэбяцца ў гаспадарцы, – падзялілася Святлана Пятроўна.
Для дзяцей і дарослых на кірмашы працавала тэматычная пляцоўка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, ладзілася танцавальна-забаўляльная праграма роставых лялек.