Акцыя “Нашы дзеці”. Верце ў цуды, і яны абавязкова збудуцца

Акцыя “Нашы дзеці”. Верце ў цуды, і яны абавязкова збудуцца

26.12.2024 Выкл. Автор admin
Акцыя “Нашы дзеці”. Верце ў цуды, і яны абавязкова збудуцца

На пачатку школьных канікулаў у межах дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” ў раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці адбылося вялікае навагодняе свята для навучэнцаў школ з удзелам кіраўніцтва Дзятлаўшчыны.

Запрашэнне на раённую ёлку атрымалі школьнікі, якія вызначыліся высокімі вынікамі ў вучобе і навуковай дзейнасці, спорце, мастацтве, хлопчыкі і дзяўчынкі з прыёмных і апякунскіх і шматдзетных сем’яў, дзеці з абмежаванымі магчымасцямі, выхаванцы сацыяльна-педагагічнага цэнтра.

Маленькіх і юных дзятлаўчан павіншаваў з надыходзячымі Новым годам і Калядамі старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі:

– Дарагія дзеці, паважаныя педагогі! Надыходзіць самы чароўны, самы любімы перыяд не толькі для дзяцей, а і для дарослых – пара калядных і навагодніх святаў. Мы бачым, як з кожным днём усё прыгажэйшым становіцца наш горад, запальваюцца гірлянды ў дамах, школах, мы ўсе чакаем цуда.

У Беларусі ёсць выдатная традыцыя ў перыяд навагодніх і калядных святаў ладзіць дабрачынныя акцыі – “Нашы дзеці” і “Ад усёй душы”, калі мы праяўляем свае найлепшыя чалавечыя якасці – дабрыню, узаемадапамогу, падтрымку. Без увагі не застаецца ні адзін маленькі грамадзянін нашай краіны, ні адно дзіця з суседніх дзяржаваў, якое знаходзіцца ў нас на аздараўленні або пераехала разам з бацькамі ў Беларусь.

Хочацца, каб у акцыі “Ад усёй душы” прынялі ўдзел і вы самі – падрастаючае пакаленне. Падзяліцеся цеплынёй сваіх сэрцаў з пажылымі людзьмі, якія найбольш маюць патрэбу ў ёй, паклапаціцеся аб сваіх бацьках, дзядулях і бабулях.

Гэты год быў выніковым для вас – вы паказалі выдатныя вынікі ў конкурсах, віктарынах, тэлепраектах. Галоўная ваша задача – гэта вучоба, жадаю, каб і наступны год быў для вас спрыяльным. Будзьце моцнымі, мэтанакіраванымі, эрудыраванымі, нацэленымі на вынік. Верце ў цуды, і яны абавязкова збудуцца.

Андрэй Уладзіміравіч пажадаў школьнікам выдатнага актыўнага адпачынку, навагодніх сюрпрызаў. У адказ кіраўнік раёна атрымаў памятны падарунак ручной работы.

Госці прадстаўлення разам з юнымі артыстамі адшукалі згубленыя казкі, пагулялі ў гульні, атрымалі асалоду ад музычных сюрпрызаў і нават запісалі трэнды TikTok разам з Бабай Ягой і іншымі казачнымі героямі.

Мерапрыемства прадоўжылася каля галоўнай гераіні навагодніх святаў – упрыгожанай ёлкі, вакол якой у адзіным карагодзе сабраліся прадстаўнікі кіраўніцтва раёна, педагогі і дзеці.

Юных дзятлаўчан чакала гульнёвая квэст-праграма ад раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, а таксама навагоднія падарункі з меху Дзядулі Мароза.

Подписывайтесь на телеграм-канал «Культура Дятловщины» по короткой ссылке @CULTUREDYATLOV И Инстаграм «Центр Культуры Дятлово» по короткой ссылке @tkultury.