Абласная дэкада завяршылася фестывалем “Музыка восені”

Абласная дэкада завяршылася фестывалем “Музыка восені”

07.10.2024 Выкл. Автор admin

Апошнім акордам сёлетняй дэкады “Залаты ўзрост”, якая праходзіла на Гродзеншчыне да Дня пажылых людзей, стаў ІІІ абласны фестываль творчасці “Музыка восені”.

Урачыстасць сабрала ў Бераставіцкім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці калектывы, індывідуальных выканаўцаў і чытачоў з аддзяленняў дзённага знаходжання тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва розных раёнаў Прынёмання.

Наколькі крэатыўнымі, творчымі, таленавітымі з’яўляюцца людзі залатога ўзросту, пацвердзіла і выстава дэкаратыўна-прыкладной творчасці і выяўленчага мастацтва ад бераставіцкіх майстроў, якую мелі магчымасць наведаць усе ўдзельнікі свята.

За цудоўную краіну, атрыманую ў спадчыну ад пакалення цяперашніх пажылых людзей, невычэрпныя мудрасць і вопыт, якія служаць дастойным прыкладам для моладзі, людзям “з маладой душой” падзякавала старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта:

– Вашы рукі ствараюць унікальныя вырабы, вашы сэрцы напоўнены любоўю да Радзімы, а вашы галасы дораць усім нам неацэнныя хвіліны радасці. Дзякуй вам за творчасць, аптымізм і жыццялюбства.

Што фестываль “Музыка восені” ўжо стаў на Гродзеншчыне добрай традыцыяй, паколькі песня суправаджае чалавека па жыцці і дапамагае пераадольваць цяжкасці, падкрэсліў намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Пранюк. У рамках завяршэння дэкады “Залаты ўзрост” ён падвёў вынікі абласнога агляду-конкурсу аддзяленняў кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў, які праходзіў у жніўні. Пераможцам былі ўручаны ўзнагароды.

Фестываль “Музыка восені” выдаўся такім жа яркім, цёплым, прыгожым, як сонечныя асеннія дзянькі. Са сцэны гучалі ўсімі любімыя песні і пранікнёныя вершы, гледачы віталі артыстаў дружнымі апладысментамі і шчырымі ўсмешкамі.

Падводзячы вынікі ўрачыстасці, старшыня Гродзенскага абласнога савета ветэранаў Іван Тустаў і намеснік старшыні камітэта – начальнік упраўлення арганізацыі сацыяльнай дапамогі камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама Аляксандра Гарачава адзначылі, што сустрэча ў чарговы раз пацвердзіла, наколькі Прынёманскі край багаты на таленты і мае свой “залаты фонд”. Усім удзельнікам фестывалю былі ўручаны дыпломы лаўрэатаў і памятныя падарункі, кожны з іх пакінуў свята з важкім багажом прыемных эмоцый і добрага настрою.