Хвіліны душэўнасці. Ганна Шавель: “З песнямі жыць весялей!”
Сацыяльна-культурны праект “Глыбінкай жыве Беларусь” – гэта асноўны праект, па якім працуе сектар нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці. І кожны раз артысты пераконваюцца ў гэтым, калі знаёмяцца з людзьмі з глыбінкі. Менавіта там, у аддаленых і маланаселеных вёсках нашага раёна і жывуць добрыя, шчырыя, душэўныя, адкрытыя людзі – душа беларускага народа. З такой выдатнай жанчынай, 80-гадовай юбіляркай Ганнай Шавель з вёскі Русакі, адбылося чарговае знаёмства. Ганна Барысаўна нарадзілася на хутары Камяніца ў сялянскай сям’і, у якой выхоўвалася чацвёра дзяцей, і яна была самай малодшай. Сям’я жыла бедна, таму бацькам даводзілася вельмі шмат працаваць. Да працы прывучалі і дзяцей. З самых маленькіх гадоў Ганна спазнала ўвесь цяжар сельскага жыцця. Скончыўшы чатыры класы Алёхнавіцкай чатырохгодкі, дзяўчынцы прыйшлося хадзіць у пяты клас у вёску Агароднікі. Затым Ганна моцна захварэла, на гэтым і скончылася яе вучоба. У 14 гадоў дзяўчына пайшла працаваць у калгас паляводам, дарэчы, яе працоўны стаж на гэтай пасадзе склаў 33 гады. Неўзабаве сям’я пераехала ў вёску Русакі. Тут Ганна пазнаёмілася з працавітым суседам Арсеніем, які працаваў трактарыстам. Чатыры гады маладыя людзі сябравалі і ў 1967 годзе вырашылі ажаніцца. Вяселле было вельмі сціплым, але вясёлым. Ганна прыйшла ў дом мужа і стала паўнапраўнай гаспадыняй, таму што вельмі хварэла свякроў, усе гаспадарчыя пытанні дзяўчыне прыйшлося браць у свае рукі. – Мы з Арсеніем Панцеляймонавічам жывём ужо 58 гадоў, і я ні разу не пашкадавала, што выйшла за гэтага цудоўнага чалавека замуж, – гаворыць Ганна Барысаўна. – У 1969 годзе ў нас нарадзіўся сын Віктар. Яму давялося служыць у Афганістане, вельмі перажывалі за яго лёс, але ўсё склалася добра. Цяпер Віктар жыве ў горадзе Бярозаўка. Радуюць нас сваімі поспехамі ўнучкі Алена і Ганна. Алена працуе тэхнічным перакладчыкам з англійскай і французскай мовы, а Ганна праграмістам, дзяўчынкі жывуць у Мінску. Нядаўна ў нас нарадзілася праўнучка Паліна, чаму мы вельмі рады. У доме гэтай гасціннай гаспадыні можна ўбачыць шмат вязаных і вышытых рэчаў. Вязанне і вышыўка – хобі Ганны Барысаўны. – З маладосці захапляюся рукадзеллем. А яшчэ люблю глядзець музычныя перадачы, ды і сама ведаю шмат песень і прыпевак, з песнямі жыць весялей, – адзначае юбілярка. – Люблю і паважаю сваю жонку за яе працавітасць, вясёлы нораў. Жадаю ёй моцнага здароўя, душэўнай раўнавагі, дабрабыту, – павіншаваў з юбілеем Ганну Барысаўну муж. Подписывайтесь на телеграм-канал «Культура Дятловщины» по короткой ссылке @CULTUREDYATLOV И Инстаграм «Центр Культуры Дятлово» по короткой ссылке @tkultury.
Калі ласка на дзятлаўскі падворак!
Сёлета дзятлаўчане сустракаюць гасцей абласных “Дажынак-2025” на каларытным падворку, звязаным з тэматыкай кукурузы, якую паспяхова вырошчваюць у нашым раёне. Гэта прыгожая, смачная ўніверсальная сельскагаспадарчая культура стала і непаўторным элементам дэкору нашага падворка, і адметным пачастункам, які дзятлаўскія гаспадыні гатуюць па-даўнейшаму ў чыгуне. На абласным фестывалі-кірмашы разам з гаспадарамі гасцей дзятлаўскага падворка сустракае роставая лялька кукуруза, якую спецыяльна да свята пашылі майстры ўзорнай студыі роставых лялек “Яркае свята для ўсіх”. Дзятлаўшчына сёлета сабрала багаты ўраджай збожжавых культур, будзем з хлебам! Пацвярджае гэта трох’ярусная кампазіцыя хлебабулачных вырабаў ад выдатных жанчын-хлебапёкаў Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства. Для тых, хто захоча прывезці з “Дажынак-2025” добрыя ўспаміны ў яркіх фотаздымках, будуць працаваць адразу дзве фотазоны. Аўтэнтычныя песні Дзятлаўшчыны, беларускія народныя кампазіцыі прагучаць у выкананні народнага ансамбля “Заранка” і тэатра-студыі гульні “Суседзі”. Адметнасцю нашага падворка сёлета з’яўляюцца майстар-класы ад мастака-кераміста з Дзятлашчыны Анатоля Кардаша. Госці маюць магчымасць пакаштаваць кулінарныя шэдэўры з кукурузы ад сельгаспрадпрыемстваў раёна і далучыцца да дэгустацыі прадукцыі нашых прадпрыемстваў. Подписывайтесь на телеграм-канал «Культура Дятловщины» по короткой ссылке @CULTUREDYATLOV И Инстаграм «Центр Культуры Дятлово» по короткой ссылке @tkultury.
“Дажынкі-2025”: свята пашаны, радасці і дастатку
Дзятлаўчане, якія наведалі абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі ў Ваўкавыску, падзяліліся сваімі ўражаннямі аб мерапрыемстве. Яўген Клімко, майстар ААТ “Лікёра-гарэлачны завод “Алгонь”: – У календары для мяне не так шмат святаў, якія па значнасці могуць параўнацца з “Дажынкамі”. Гэты дзень прысвячаецца хлебаробам, працавітым людзям, якія кормяць усю краіну. На галоўнай сцэне свята заслужаныя ўзнагароды атрымліваюць героі жніва, якія, не шкадуючы сіл, вялі бітву за ўраджай, якія могуць адпачыць, а ўжо заўтра вернуцца да сваёй паўсядзённай работы на зямлі. Усім працаўнікам сяла, раёнам-удзельнікам, гасцям гэтага цудоўнага свята жадаю добрага настрою, нязменна выдатнага ўраджаю і мірнага неба над галавой. Яўген і Ларыса Горбачы, жыхары гарпасёлка Казлоўшчына: – Адчуваецца размах свята. Горад-гаспадар сустракае гасцей звонкімі песнямі, танцамі, прыемнымі водарамі страў і сюрпрызамі. Плануем наведаць усе пляцоўкі і абавязкова купіць сувеніры на памяць. Столькі прыгожых караваяў, хлебабулачных вырабаў і іншых пачастункаў – вочы разбягаюцца! Такое ў святочным Ваўкавыску ўсё маляўнічае і вабнае, што хочацца як мага даўжэй пабыць у гэтай атмасферы. Анатоль Кардаш, майстар-кераміст: – Кожны год з задавальненнем прымаю ўдзел у фестывалі “Дажынкі”. Сёння чарговы раз для сябе адзначыў, як год ад года расце ўзровень правядзення свята ўраджаю і прафесіяналізм майстроў, якія прадстаўляюць тут свае творчыя работы. Уражвае, як працуе фантазія гэтых людзей і як прафесійна ўвасабляюцца ідэі. Я таксама сёння не з пустымі рукамі: разам з калегамі з Дзятлаўшчыны прывёз свае вырабы і майстар-клас. Традыцыйна сёлета кожны раён прадставіў на конкурс сноп і каравай – усе яны розныя, па-свойму выдатныя. На мой погляд, дзятлаўскія канкурсанты выглядаюць дастойна на агульным фоне. Подписывайтесь на телеграм-канал «Культура Дятловщины» по короткой ссылке @CULTUREDYATLOV И Инстаграм «Центр Культуры Дятлово» по короткой ссылке @tkultury.
Мы моцныя, калі адзіныя
Памяць аб мінулым і родная гісторыя – тое, што нас аб’ядноўвае. У рамках святочных мерапрыемстваў да Дня народнага адзінства ў Дзятлаве адбылася цырымонія ўскладання кветак да мемарыяла Героям Савецкага Саюза Яну Фогелю і Паўлу Пятрову ў гарадскім парку. Аддаць даніну пашаны тым, хто вызваляў Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны, прыйшлі прадстаўнікі ўлады, сілавых структур, працоўных калектываў, прафсаюза, грамадскіх аб’яднанняў, школьнікі, дзятлаўчане. Свята народнага адзінства прадоўжылася на гарадской плошчы – сімвалічна, што яна носіць назву 17 Верасня. Сюды жыхароў раёна заклікала грамадска-патрыятычная акцыя “Мы моцныя, калі адзіныя”. Адкрылася яна гукамі Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь, які разам выканалі прысутныя, і ўзняццем Дзяржаўнага сцяга і сцяга горада Дзятлава. Гонар узняць іх выпаў начальніку раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Сяргею Казушчыку і дырэктару Дзятлаўскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Таццяне Ваніслаўчык, імёны якіх занесены на раённую Дошку гонару, а таксама навучэнцам сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча – чэмпіёнцы Беларусі па лёгкай атлетыцы, пераможцы рэспубліканскай спартакіяды школьнікаў па гэтай дысцыпліне Вікторыі Яраш і ўдзельніку абласной спартакіяды школьнікаў, члену раённай каманды па шматбор’і “Абаронца Айчыны” Кірылу Калодку. – Дзень народнага адзінства звяртае нас да лёсавызначальных падзей нашай краіны, – павіншаваў удзельнікаў акцыі намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Бялятка. – 17 верасня 1939 года быў пакладзены пачатак аб’яднанню Усходняй і Заходняй Беларусі, фарміраванню адзінай беларускай нацыі. Нягледзячы на складанасці і боль стратаў у Вялікай Айчыннай вайне беларусы змаглі захаваць тое, што жыве ў сэрцах, што ніколі нельга аддаць. Набыўшы цэласнасць і непаўторнае аблічча ўтульнай, гасціннай краіны ў цэнтры Еўропы, аб’яднаная Беларусь стала месцам сілы для мільёнаў грамадзян. Мы, сучаснікі, удзячныя папярэднім пакаленням за Перамогу, за тое, што адстаялі права самастойна вызначаць свой шлях і пераўтварылі нашу краіну ў квітнеючы край. Мы маем унікальную магчымасць у міры і згодзе будаваць агульную будучыню на роднай зямлі. Нам ёсць чым ганарыцца і што берагчы. Дзякуй кожнаму з вас за тое, што сваёй працай робіце наш раён прыгожым і ўтульным, захоўваеце памяць продкаў, гадуеце дзяцей у любові да сваёй вялікай і малой Радзімы. – 17 верасня – важная памятная дата, якая стала сімвалам яднання беларускага народа, удзелу кожнага з нас у лёсе сваёй краіны, – зазначыў ваенны камісар Дзятлаўскага раёна Аляксандр Бургун. – Беларуская гісторыя багатая на важныя падзеі і самабытную спадчыну, а гэта – надзейны падмурак для далейшага развіцця дзяржавы. Дзень народнага адзінства – даніна памяці сучаснага пакалення подзвігу продкаў, якія адстаялі права на мірнае жыццё і шчаслівую будучыню. У нас адна краіна, і мы адзіныя ў імкненні зберагчы мір і дабрабыт на роднай зямлі. Шчасця вам, радасці, працвітання! Эстафету віншаванняў дзятлаўчан з адным з галоўных дзяржаўных святаў Беларусі прадоўжылі першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык і старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” Алена Васкель. Святочны настрой, дух адзінства, пазітыў, мілагучныя песні і яркія музычныя кампазіцыі ўдзельнікам грамадска-патрыятычнай акцыі дарылі калектывы, прафесійныя артысты і маладыя выканаўцы Дзятлаўшчыны, а вядучыя ўрачыстасці Валерый Макарчык і Марына Лукіянец не стамляліся паўтараць фразу, якая стала не толькі назвай сустрэчы, але і лейтматывам дня: “Мы моцныя, калі адзіныя”. Подписывайтесь на телеграм-канал «Культура Дятловщины» по короткой ссылке @CULTUREDYATLOV И Инстаграм «Центр Культуры Дятлово» по короткой ссылке @tkultury.
Новыя аўтамабілі – для медыцынскіх работнікаў
Напярэдадні маладога дзяржаўнага свята – Дня народнага адзінства – на Дзятлаўшчыне адбылася падзея, якая стала прыкладам яднання розных раёнаў і арганізацый з агульнай добрай мэтай. Калектыў Дзятлаўскай ЦРБ атрымаў у падарунак ад ААТ “Лідскія харчовыя канцэнтраты” і ААТ “Скідзельскі цукровы камбінат” два спецыялізаваныя мікрааўтобусы і медыцынскае абсталяванне. Ва ўрачыстасці, якая адбылася ў раённай бальніцы, прынялі ўдзел прадстаўнікі прадпрыемстваў-спонсараў – генеральны дырэктар ААТ “Лідскія харчовыя канцэнтраты” Вячаслаў Гарбачоў і выконваючы абавязкі намесніка генеральнага дырэктара па ідэалагічнай і прававой рабоце ААТ “Скідзельскі цукровы камбінат” Дзмітрый Дзянішчык, кіраўніцтва раёна на чале са старшынёй райвыканкама Андрэем Садоўскім, духавенства, калектыў і адміністрацыя Дзятлаўскай ЦРБ. Андрэй Уладзіміравіч павітаў гасцей і падзякаваў партнёрам: – Гэта – выдатным падарунак да такога вялікага свята, як Дзень народнага адзінства. Сацыяльная сфера заўсёды ў полі зроку дзяржавы: больш за 70 % бюджэту раёна выдаткоўваецца на яе, 30 % затрачваецца на медыцыну. Аднак гэта сфера не стаіць на месцы, развіваецца, і радуе тое, што ў распараджэнні нашых медработнікаў з’яўляецца новая тэхніка, якая робіць іх работу яшчэ больш дасканалай. Сёлета на ахову здароўя з раённага бюджэту дадаткова было выдзелена каля аднаго мільёна рублёў – на рамонт лабараторыі і рэнтген-кабінета з устаноўкай мамографа, з рэспубліканскага бюджэту больш за 1,2 мільёна на капітальны рамонт Новаяльнянскай гарадской бальніцы. Прыемна, што спонсарскую дапамогу нашаму раёну аказалі два такія магутныя прадпрыемствы, як ААТ “Лідскія харчовыя канцэнтраты” і ААТ “Скідзельскі цукровы камбінат”. Гэта два аўтамабілі і медыцынскае абсталяванне, пералік якога дастаткова аб’ёмны. Сардэчна дзякуем кіраўніцтву і калектывам прадпрыемстваў за тое, што знайшлі магчымасць і жаданне і тым самым палепшылі ўмовы аказання медыцынскай дапамогі ў нашым раёне. Жадаю вам далейшых поспехаў у працы, надзейных партнёраў і паспяховых праектаў. Напярэдадні Дня народнага адзінства ўсім жадаю моцнага здароўя, дабрабыту і мірнага неба над галавой. У знак удзячнасці за ўклад у развіццё Дзятлаўскага раёна і з нагоды надыходзячага свята кіраўнік раёна ўручыў гасцям памятныя падарункі. Дзмітрый Дзянішчык далучыўся да віншаванняў: – Наша прадпрыемства рада было аказаць спонсарскую дапамогу Дзятлаўскай ЦРБ для набыцця спецаўтатранспарту і медыцынскага абсталявання, бо на свеце няма больш важнай работы, чым дапамагаць людзям, ратаваць іх здароўе і жыццё. Жадаю вам нескладаных будняў, спакою і гонару за сваю справу. Няхай усе медыцынскія работнікі працуюць пад мірным небам, а дома вас сустракаюць родныя і блізкія людзі. Дзмітрый Валянцінавіч перадаў ключы ад новых аўтамабіляў галоўнаму доктару Дзятлаўскай ЦРБ Віктару Яцкевічу. Віктар Казіміравіч таксама адрасаваў спонсарам словы ўдзячнасці за падтрымку медыцынскай сферы: – Вы падарылі медыкам Дзятлаўшчыны не проста матэрыяльныя каштоўнасці, а радасць і ўпэўненасць у заўтрашнім дні. Аўтамабілі і абсталяванне будуць служыць на карысць здароўю дзятлаўчан, а самі спецыялісты будуць аказваць медыцынскую дапамогу ў больш камфортых умовах. Ад усіх нас выказваю вялікую ўдзячнасць. Будзьце здаровымі вы і вашы працоўныя калектывы. Благачынны цэркваў Дзятлаўскай акругі іерэй Іаан Кісель і ксёндз Казімір Ляховіч памаліліся за ўсіх прысутных і асвяцілі новыя аўтамабілі на доўгую надзейную службу на карысць медыцыны, а іх вадзіцеляў – на бяспечную работу. Спонсарская дапамога была аказана на агульную суму 555 тысяч рублёў. Акрамя двух спецыялізаваных аўтамабіляў, для Дзятлаўскай ЦРБ былі набыты асвятляльнікі аперацыйныя, электрахірургічны апарат, ларынгаскопы, сістэма абагрэву пацыентаў, абсталяванне для афтальмалагічнага і стаматалагічнага кабінетаў і іншае. Таксама на выдзеленыя сродкі было закуплена халадзільнае, кухоннае абсталяванне і мэбля для Казлоўшчынскай гарадской бальніцы. Подписывайтесь на телеграм-канал «Культура Дятловщины» по короткой ссылке @CULTUREDYATLOV И Инстаграм «Центр Культуры Дятлово» по короткой ссылке @tkultury.
Добры настрой і конкурсы для дзяцей і дарослых
Урачыстую праграму раённага свята “Дажынкі-2025” у Дзятлаве прадоўжыла работа інтэрактыўных пляцовак. На адну з іх па вуліцы Савецкай райцэнтра дзятву і дарослых запрасілі супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа, добраахвотнага пажарнага таварыства. Весела і займальна спецыялісты нагадалі прысутным розныя віды аказання першай дапамогі пацярпелым, правілы бяспекі, спосабы тушэння бытавых узгаранняў, павучылі карыстацца вогнетушыцелем, прапанавалі сыграць у шашкі-АПА. Пажарная тэхніка і цікавыя конкурсы нікога не пакінулі раўнадушнымі. Не паспелі ўдзельнікі пляцоўкі “бяспекі” стаміцца, як на плошчы 17 Верасня добра вядомая юным жыхарам нашага раёна ўзорная студыя роставых лялек “Яркае свята для ўсіх” пад кіраўніцтвам Івана Каско пачала запрашаць хлопчыкаў і дзяўчынак павесяліцца і атрымаць зарад бадзёрасці. Дынамічныя танцы з лялькамі адразу сабралі шмат малечы. Дзеці з задавальненнем весяліліся з артыстамі, нездарма выступленне мела сімвалічную назву “З намі свята ў поўны рост”.
Песні і танцы, нават на сцэне з салістамі
Вечарам Дзятлава сустракала рэспубліканскіх выканаўцаў. Яны прэзентавалі насычаную канцэртную праграму з удзелам саліста моладзевага тэатра эстрады Улада Сазонава, фіналіста праекта “Песня года Беларусі” Данііла Мышкаўца, салісткі моладзевага тэатра эстрады Алены Мельнікавай, саліста бойз-бэнда “Харызма”, фіналіста праекта “Зорны шлях” Сяргея Ішчука, лаўрэата міжнародных конкурсаў Вадзіма Авіжыча. Пад іх дынамічныя песні дзятлаўчане весяліліся дапазна, а потым самыя загартаваныя ўдзельнікі свята засталіся яшчэ і на дыскатэку пад адкрытым небам. Подписывайтесь на телеграм-канал «Культура Дятловщины» по короткой ссылке @CULTUREDYATLOV И Инстаграм «Центр Культуры Дятлово» по короткой ссылке @tkultury.
З ураджаем і песня гучыць весялей
Актыўны ўдзел у святкаванні раённых “Дажынак-2025” прынялі творчыя калектывы Дзятлаўшчыны. Да галоўнай урачыстасці хлебаробаў яны арганізавалі яркі канцэрт “Будзе хлеб – будзе песня!”. Дружнымі апладысментамі гледачы дзякавалі артыстам за лепшыя шлягеры мінулых гадоў і сучасныя кампазіцыі. Подписывайтесь на телеграм-канал «Культура Дятловщины» по короткой ссылке @CULTUREDYATLOV И Инстаграм «Центр Культуры Дятлово» по короткой ссылке @tkultury.
Салодкі ўраджай для маленькіх дзятлаўчан
На раённых “Дажынках” у Дзятлаве не толькі ўшаноўвалі хлебаробаў, але і частавалі гасцей свята салодкім ураджаем. Цукеркі, якія спецыяльна для свята прадаставілі ўсе сельгаспрадпрыемствы раёна, маленькім жыхарам раёна “падарыў” галоўны герой жніва – збожжаўборачны камбайн. Подписывайтесь на телеграм-канал «Культура Дятловщины» по короткой ссылке @CULTUREDYATLOV И Инстаграм «Центр Культуры Дятлово» по короткой ссылке @tkultury.
Дзятлаўшчына святкуе дажынкі! Урачыстае шэсце
У горадзе Дзятлаве праходзіць раённае свята працаўнікоў сяла “Дажынкі-2025”. Шэсце працоўных калектываў сельскагаспадарчых і перапрацоўчых прадпрыемстваў Дзятлаўшчыны прайшло па горадзе да галоўнай святочнай сцэны, дзе адбылася цырымонія ўшанавання працаўнікоў і калектываў сельскай гаспадаркі, якія дасягнулі высокіх вынікаў у час пасяўной і ўборачнай кампаніі. Подписывайтесь на телеграм-канал «Культура Дятловщины» по короткой ссылке @CULTUREDYATLOV И Инстаграм «Центр Культуры Дятлово» по короткой ссылке @tkultury.