Творчы калектыў сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці павіншаваў з 90-гадовым юбілеем Клаўдзію Кармільчык, жыхарку аграгарадка Вензавец.
Жыццёвы шлях Клаўдзіі Іосіфаўны – гэта гісторыя вялікай сілы духу, бязмежнай любові да сям’і і вернасці свайму дому.
Яна нарадзілася ў цяжкія гады і выхоўвалася ў шматдзетнай сям’і, дзе з дзяцінства зведала цану працы, узаемадапамогі і простых радасцей. “Працавалі вельмі шмат, адпачываць не было часу,” – успамінае яна пра сваю маладосць.
Яе цяга да ведаў, вучобы сутыкнулася з суровай рэальнасцю таго часу: пасля заканчэння пачатковай школы ў вёсцы Нагорнікі яе не пусцілі ў пяты клас, бо трэба было хадзіць у іншую вёску, а дзяўчынка часта хварэла, бацькі баяліся, што зімой будзе цяжка дабірацца на вучобу. Клава засталася дома і дапамагала маме па гаспадарцы, пазней пайшла працаваць у калгас.
Але нават у бясконцай рабоце яна знаходзіла месца для творчасці: у тыя гады ткала, вязала і вышывала, ствараючы сваімі рукамі ўтульнасць і прыгажосць.

Яе юнацтва азмрочыла Вялікая Айчынная вайна, выпрабаванні якой яна перажыла з мужнасцю, уласцівай яе пакаленню.
Самым шчаслівым перыядам свайго жыцця жанчына называе першыя гады замужжа. Гэта быў час, поўны надзей, кахання і сумеснага будаўніцтва свайго сямейнага гнязда.
А яшчэ Клаўдзія Іосіфаўна вельмі любіла спяваць. Яе голас быў настолькі цудоўным, што аднойчы госці суседзяў, пачуўшы яе спевы, прапанавалі паехаць у Мінск, запэўніваючы, што з такім талентам можна знайсці там добрую работу. Але сэрца жанчыны было прывязана да дома і сям’і, і яна засталася, сваім дарам дзялілася з блізкімі. Асабліва Клаўдзія Іосіфаўна любіць песню “Расцвела под окошком белоснежная вишня”. Яе голас, які гучаў у царкоўных песнапеннях або за святочным сталом, ствараў цёплую атмасферу дома.

У 48 гадоў жанчыну напаткала цяжкае выпрабаванне – яна стала ўдавой. Застаўшыся адна, знайшла ў сабе сілы жыць далей, дапамагаючы сыну. Сёння яна жыве разам з ім і нявесткай.
Жыццё падносіла розныя ўрокі. Яшчэ ў дзяцінстве Клаўдзія перажыла страшнае гора – пажар, у якім быў страчаны бацькоўскі дом. І праз некалькі дзесяцігоддзяў, у 2010 годзе, агонь зноў пастукаўся ў іх жыццё, поўнасцю знішчыўшы дом, у якім жылі з сям’ёй. Прыйшлося пачынаць усё з пачатку, і яны пераехалі ў Вензавец.
Галоўным яе багаццем і спадчынай, жывым працягам, заўжды была і застаецца дружная сям’я. У жанчыны трое ўнукаў і ўжо чацвёра праўнукаў.
Пражыўшы доўгае жыццё, поўнае выпрабаванняў, галоўная парада, якую Клаўдзія Іосіфаўна дае маладому пакаленню, простая, але мудрая: “Берагчы здароўе”. У гэтай кароткай фразе ўвесь вопыт чалавека, які ведае сапраўдную цану жыцця і сіл, неабходных для клопату пра блізкіх.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Культура Дятловщины» по короткой ссылке @CULTUREDYATLOV И Инстаграм «Центр Культуры Дятлово» по короткой ссылке @tkultury.

