День: 02.09.2025

Імя на Дошцы гонару. Іван Кашко: “З культурай развітвацца не збіраюся”

Ёсць сярод нас людзі, якія нясуць у наша жыццё мастацтва, творчасць, гармонію і прыгажосць. Гэта работнікі культуры. У ліку лепшых з іх на Дзятлаўшчыне – Іван Кашко, загадчык сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці, імя якога сёлета занесена на раённую Дошку гонару. Іван Фёдаравіч расказаў пра сваё станаўленне ў прафесіі, дзейнасць і планы на будучыню: – Нарадзіўся я ў аграгарадку Гезгалы ў сям’і ваеннаслужачых. Пасля 9 класа паступіў у Гродзенскае дзяржаўнае музычна-педагагічнае вучылішча, хаця першапачаткова нават і не думаў пра вучобу там. Я марыў, як і тата, стаць ваенным інжынерам, а дзядуля мяне адгаварыў: “Калі ты мне сыграеш марш, польку і вальс, я буду задаволены”. Вырашыў паспрабаваць: проста прыйшоў у музычную школу, папрасіў, каб навучылі іграць на баяне гэтыя тры кампазіцыі. Калі пахадзіў некалькі месяцаў, настаўнік сказаў, што ў мяне ёсць задаткі, бо хутка ўсё атрымліваецца. Мы паехалі на праслухоўванне ў музычнае вучылішча, і мяне ўзялі, сказалі, што многія пасля навучання ў музычнай школе горш іграюць, чым я пасля некалькіх месяцаў урокаў. Вось так і звязаў сваё жыццё з мастацтвам. Атрымаўшы дыплом, год адпрацаваў настаўнікам музыкі ў Казлоўшчыне, пайшоў служыць у армію. Затым выкладаў у Жукоўшчынскай школе і па сумяшчальніцтве ў мясцовым Доме культуры. Неабходная была вышэйшая адукацыя, і тут лёс вырашыў павесці мяне па іншай сцяжынцы: я паступіў у Баранавіцкі ўніверсітэт на завочнае аддзяленне і стаў інжынерам машынабудаўнічага абсталявання. Нават прапаноўвалі працу на баранавіцкім філіяле завода “Атлант”, але вырашыў вярнуцца на малую радзіму. Некаторы час з’яўляўся загадчыкам Жукоўшчынскага дома культуры і ўжо чатыры гады працую ў раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці. Спачатку быў культарганізатарам, затым стаў загадчыкам сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва. – Раскажыце пра вашу дзейнасць цяпер. – У маім падначаленні дзве цудоўныя таленавітыя жынчыны – Святлана Венская і Ірына Бакшук, з якімі за два гады знайшлі агульную мову, добра разумеем адзін аднаго, дапамагаем. Мы размеркавалі абавязкі, і праца ідзе спраўна і зладжана, нават рознагалоссяў не бывае. Наш сектар займаецца арганізацыяй канцэртаў у населеных пунктах раёна, дзе няма клубаў, за год аб’язджаем каля 100 вёсак. Таксама рэалізуем цікавы і, лічу, важны сацыяльна-культурны праект “Глыбінкай жыве Беларусь”, у рамках якога знаёмімся са старастамі вёсак, ушаноўваем юбіляраў, праводзім культурна-пазнавальныя экспедыцыі “Па сакрэты даўгалецця” і “Роднае-народнае”. Шмат працы і часу ўклалі ў адкрыццё музея “Хата брыгадзіра” ў Малдавічах. – З такой работай і сумаваць няма калі. – Мы заўжды з музыкай і песнямі. Тое, што для іншых адпачынак, для нас – праца. Такая дзейнасць мне вельмі падабаецца, бо гэта шмат знаёмстваў з новымі людзьмі. Жыхары маланаселеных вёсачак, якім часта не хапае стасункаў, сустракаюць нас добразычліва, заўжды рады пагутарыць, шчыра дзякуюць за нашы выступленні. – Што найбольш запомнілася за гады працы ў культуры? – У гэтай сферы я ўжо 20 гадоў, прафесія вельмі цікавая. З выступленнямі давялося пабываць не толькі ў сваёй вобласці, але і ў Мінскай, Брэсцкай. Было шмат цікавых знаёмстваў. Кожны дзень нешта новае. Здаецца, што ў культработнікаў не праца, а бесперапынныя святы. Але за ўсімі гэтымі святамі стаяць вялікія намаганні. Бывае, што мерапрыемствы ідуць адно за адным, а іх трэба старанна падрыхтаваць, тады не лічышся нават з асабістым часам. Часта ўдзельнічаю і ў раённых канцэртах. Дарэчы, не толькі на пачатку працы, але нават і цяпер вельмі хвалююся, калі выходжу на сцэну перад вялікай аўдыторыяй. – Ці быў хто-небудзь у сям’і творчы, ад каго перанялі любоў да музыкі? – Мама пастаянна ўдзельнічала ў самадзейнасці на асноўным месцы работы. Дзед іграў на гармоні, а прадзед – на скрыпцы, нават на многіх вясковых святах часта дуэтам весялілі народ. А цяпер і мае дзеці палюбілі музыку: малодшы сын скрыпач, а старэйшы іграе на баяне. – Падзяліцеся творчымі планамі, задумкамі? – У іншую сферу дзейнасці не імкнуся, з культурай развітвацца не збіраюся. Было жаданне стварыць мужчынскі ансамбль, ёсць творчыя людзі, якія гатовы іграць у ім, але пакуль цяжка знайсці ўсім агульны вольны час па-за асноўнай работай, каб збірацца разам на рэпетыцыі. Спадзяюся, гэту праблему зможам вырашыць. – Чым любіце займацца ў вольны час? – Будаваць на дачы, наводзіць парадак на прысядзібным участку, па грыбы хадзіць і ўвогуле – праводзіць час з сям’ёй. Якім жа бачаць Івана Кашко калегі па працы Святлана Венская і Ірына Бакшук? – Цудоўны музыкант і добры кіраўнік, мы стараемся яго не падводзіць, – дзеляцца жанчыны. – Паколькі ў нас большы жыццёвы вопыт і працоўны стаж, так сказаць, старая школа, часта яму нешта падказваем, раім. У нас з ім поўнае ўзаемаразуменне, вельмі задаволеныя, што працуем разам з ім. Як чалавек ён вельмі спакойны, памяркоўны, безадмоўны, калі нешта трэба зрабіць, можна быць упэўненым, што не падвядзе. Мы былі рады за яго, што занесены на Дошку гонару, Іван Фёдаравіч заслужыў гэта. Жадаем яму шчасця, каб асабістыя і творчыя планы заўжды спраўджваліся. Подписывайтесь на телеграм-канал «Культура Дятловщины» по короткой ссылке @CULTUREDYATLOV И Инстаграм «Центр Культуры Дятлово» по короткой ссылке @tkultury.

Автор admin 02.09.2025 Выкл.