День: 25.03.2025

Хвіліны душэўнасці. Яніна Рогач: “Раю маладым цаніць адзін аднаго”

Творчы калектыў сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва завітаў да 90-гадовай Яніны Рогач, жыхаркі аграгарадка Хвінявічы. Юбілейны дзень для жанчыны выдаўся багатым на віншаванні, вясёлым і радасным ад любімых песняў і падарункаў. Але ў жыцці, акрамя прыемных момантаў, бываюць і выпрабаванні. Юбілярка падзялілася, якіх дзён у яе было больш. Нарадзілася Яніна Зігмундаўна ў вёсцы Сачыўляны. Калі дзяўчынцы было 10 гадоў, памерла ад хваробы маці. Бацька вымушаны быў ажаніцца другі раз, каб была гаспадыня ў хаце. Цяжка аднаму спраўляцца з вялікай гаспадаркай, а яшчэ трэба было даглядаць пяцёра малалетніх сірот. У сям’ю прыйшла мачаха, якая мела сваіх двух дзетак. І, зразумела, цяжкасцей хапала ў такой вялікай сям’і. Разам з дарослымі вымушаны былі шмат працаваць і старэйшыя дзеці. Аб адукацыі нават не ішла гаворка. Каб вытрымаць цяжкасці лёсу, Яніна знаходзіла спакой у песнях. Праз усё жыццё яна пранесла добрую звычку спяваць. – Працаваць прыходзілася ад раніцы да вечара, а вечарамі трэба было займацца рукадзеллем, бо пасаг неабходна было самой збіраць, каб не казалі аднавяскоўцы, што няўдалая ды бедная дзеўка. Зімамі ў поцемках, у завею, у вялікі мароз пасля работы я бегла ў вёску Белякі да знаёмай, каб наткаць радзюжак, – успамінае жанчына. Яніна Зігмундаўна працавала ўсё сваё жыццё на цяжкіх работах –  свінаркай, паляводам, звеннявой, пасвіла кароў, карміла цялят. Рабочы стаж склаў больш за 45 гадоў. Замуж пайшла за знаёмага хлопца Аляксандра з той жа вёскі Белякі. – Вяселле было сціплае, – расказвае юбілярка. – Жылі мы з мужам добра, ён мне стараўся дапамагаць ва ўсім, а я яго паважала, давярала яму. Нарадзіліся ў нас дзеткі – Людміла, Аляксандр і Марыя. Калі ў 2008 годзе памёр муж, я моцна захварэла, тады дачка Марыя прапанавала жыць у яе, у Хвінявічах, і я пагадзілася. Усё ж весялей. – пасля задумалася на хвілінку і дадала: – У сілу свайго вялікага жыццёвага вопыту раю ўсім маладым паважаць і цаніць адзін аднаго, трэба ўступаць, бо гады бягуць, як вада, і калі ты застаешся адзін, то тады разумееш вялікі боль адзіноты. Дзякуй Богу, што ў мяне ёсць дзеці, унукі і праўнукі. Гледзячы на гэтую мудрую, з вялікім жыццёвым вопытам жанчыну, на яе знясіленыя цяжкай работай сялянскія рукі, разумееш, праз якія выпрабаванні ёй прыйшлося прайсці. – Наша мама вельмі чулы і добры чалавек. У канфліктных сітуацыях яна лепш змаўчыць, чым уступіць у спрэчку. Мы яе моцна любім і цэнім. І няхай лёс падорыць ёй шмат станоўчых, яскравых імгненняў, а мы ў сваю чаргу будзем заўсёды побач, – гаворыць малодшая дачка Марыя. Подписывайтесь на телеграм-канал «Культура Дятловщины» по короткой ссылке @CULTUREDYATLOV И Инстаграм «Центр Культуры Дятлово» по короткой ссылке @tkultury.

Автор admin 25.03.2025 Выкл.