Баль Тызенгаўза прайшоў у Дзятлаве
Напярэдадні прыгожага вясновага свята – Міжнароднага жаночага дня, калі ўсё наўкол напаўняецца яркімі фарбамі, свежымі кветкамі і цяплом – у Дзятлаве зноў ладзіўся баль у Тызенгаўза. Вядучыя мерапрыемства граф і графіня адзначылі, што гэты святочны вечар – рамантычная магчымасць акунуцца ў атмасферу вясновага балю, адчуць яго чароўнасць, пажадалі, каб вечар стаў сапраўдным святам узвышанага танцавальнага мастацтва. Баль – гэта не проста забавы, а цудоўная магчымасць для цікавага адпачынку, знаёмстваў, атрымаць асалоду ад музыкі і танцаў. Распарадчыкам ужо традыцыйна стаў Анатоль Кардаш – мастацкі кіраўнік аматарскага аб’яднання “Эліт Данс”, намеснік старшыні камітэта па бальнай культуры Беларускай прафесійнай танцавальнай лігі, мастак-кераміст. Ён аб’явіў першы танец вечара – паланэз, як таго і патрабуюць бальныя каноны. Гасцей і ўдзельнікаў мерапрыемства павітаў загадчык сектара культуры Дзятлаўскага райвыканкама Васіль Шыцько і пажадаў атрымаць усім максімум задавальнення, шмат пазітыву і ўражанняў, каб гэты вечар запомніўся на доўгія гады. На балях заўжды выступалі міравыя зоркі, лепшыя артысты і музыканты. Гэту традыцыю падтрымліваюць і ў Дзятлаве, таму вечар праходзіў у суправаджэнні народнага духавога аркестра Новаяльнянскага дома культуры. Элегантныя дамы ў шыкоўных бальных сукенках і стрыманыя кавалеры ў строгіх касцюмах на працягу вечара пад гукі жывой музыкі паказвалі сваё майстэрства і проста атрымлівалі асалоду, танцуючы вальсы, факстрот, катыльён, полькі, кадрылю, шапелуаз, падэграс; актыўна ўдзельнічалі ў бальных віктарынах, гульнях. На працягу вечара госці дзяліліся сваімі ўражаннямі ад вясновага балю. Міхаіл і Крысціна з горада Мінска, удзельнікі аматарскага калектыву “Мінская зорка”: – Мы ў Дзятлаве ўпершыню, таму нам асабліва цікава, усё спадабалася. Пабывалі на невялікай экскурсіі, пабачылі і даведаліся для сябе нешта новае. Баль, атмасфера 18 стагоддзя, аркестр – нам гэта вельмі падабаецца. Вялікі дзякуй Дзятлаву, што праводзяцца такія мерапрыемствы з падтрымкай адміністрацыі горада. Дарэчы, наша знаёмства адбылося пры падрыхтоўцы да балю. Праз месяц пасля знаёмства вырашылі пажаніцца і праз тры месяцы ўжо згулялі вяселле. Таму бальная культура яшчэ і злучае сэрцы. Дыяна і Тадэвуш прыехалі з горада Ліды: – Гэта ўжо наш сёмы баль, на апошнім з іх – калядным – нас запрасіў Анатоль Кардаш у Дзятлава. Атмасфера сёння святочная, настрой цудоўны, сустрэлі шмат знаёмых, нам вельмі спадабалася. Калі будзе яшчэ раз ладзіцца такое мерапрыемства ў вас, абавязкова прыедзем. Марына і Аляксандра з Мінска: – Другі раз у Дзятлаве і зноў уражанні толькі найлепшыя. Арганізацыя – на вышэйшым узроўні. Вельмі прыемна, што невялікі гарадок можа зрабіць такое свята для аматараў бальнай культуры. Сёння прыехала 35 чалавек з нашага аматарскага калектыву, мы вельмі чакалі гэты баль. Спадзяёмся, што гадоў праз дзесяць мы ўсё ж будзем танцаваць у сядзібе Радзівілаў, якую змогуць аднавіць. Арганізатары вясновага балю ў Тызенгаўза падвялі вынікі мерапрыемства і адзначылі многіх з яго гасцей. Памятныя падарункі атрымалі танцоры ў намінацыях “Самая вясёлая дзяўчына”, “Самая танцуючая пара”, “За вернасць бальнай культуры”, “Кавалер балю”, “Каралева балю”. Вясновыя букеты ад арганізатараў атрымалі ўсе абаяльныя жанчыны ў зале. Подписывайтесь на телеграм-канал «Культура Дятловщины» по короткой ссылке @CULTUREDYATLOV И Инстаграм «Центр Культуры Дятлово» по короткой ссылке @tkultury.