Хвіліны душэўнасці. Гісторыя вялікай сілы духу

Хвіліны душэўнасці. Гісторыя вялікай сілы духу

08.10.2025 Выкл. Автор admin
Хвіліны душэўнасці. Гісторыя вялікай сілы духу

Творчы калектыў сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці павіншаваў з 90-гадовым юбілеем Клаўдзію Кармільчык, жыхарку аграгарадка Вензавец.

Жыццёвы шлях Клаўдзіі Іосіфаўны – гэта гісторыя вялікай сілы духу, бязмежнай любові да сям’і і вернасці свайму дому.

Яна нарадзілася ў цяжкія гады і выхоўвалася ў шматдзетнай сям’і, дзе з дзяцінства зведала цану працы, узаемадапамогі і простых радасцей. “Працавалі вельмі шмат, адпачываць не было часу,” – успамінае яна пра сваю маладосць.

Яе цяга да ведаў, вучобы сутыкнулася з суровай рэальнасцю таго часу: пасля заканчэння пачатковай школы ў вёсцы Нагорнікі яе не пусцілі ў пяты клас, бо трэба было хадзіць у іншую вёску, а дзяўчынка часта хварэла, бацькі баяліся, што зімой будзе цяжка дабірацца на вучобу. Клава засталася дома і дапамагала маме па гаспадарцы, пазней пайшла працаваць у калгас.

Але нават у бясконцай рабоце яна знаходзіла месца для творчасці: у тыя гады ткала, вязала і вышывала, ствараючы сваімі рукамі ўтульнасць і прыгажосць.

Яе юнацтва азмрочыла Вялікая Айчынная вайна, выпрабаванні якой яна перажыла з мужнасцю, уласцівай яе пакаленню.

Самым шчаслівым перыядам свайго жыцця жанчына называе першыя гады замужжа. Гэта быў час, поўны надзей, кахання і сумеснага будаўніцтва свайго сямейнага гнязда.

А яшчэ Клаўдзія Іосіфаўна вельмі любіла спяваць. Яе голас быў настолькі цудоўным, што аднойчы госці суседзяў, пачуўшы яе спевы, прапанавалі паехаць у Мінск, запэўніваючы, што з такім талентам можна знайсці там добрую работу. Але сэрца жанчыны было прывязана да дома і сям’і, і яна засталася, сваім дарам дзялілася з блізкімі. Асабліва Клаўдзія Іосіфаўна любіць песню “Расцвела под окошком белоснежная вишня”. Яе голас, які гучаў у царкоўных песнапеннях або за святочным сталом, ствараў цёплую атмасферу дома.

У 48 гадоў жанчыну напаткала цяжкае выпрабаванне – яна стала ўдавой. Застаўшыся адна, знайшла ў сабе сілы жыць далей, дапамагаючы сыну. Сёння яна жыве разам з ім і нявесткай.

Жыццё падносіла розныя ўрокі. Яшчэ ў дзяцінстве Клаўдзія перажыла страшнае гора – пажар, у якім быў страчаны бацькоўскі дом. І праз некалькі дзесяцігоддзяў, у 2010 годзе, агонь зноў пастукаўся ў іх жыццё, поўнасцю знішчыўшы дом, у якім жылі з сям’ёй. Прыйшлося пачынаць усё з пачатку, і яны пераехалі ў Вензавец.

Галоўным яе багаццем і спадчынай, жывым працягам, заўжды была і застаецца дружная сям’я. У жанчыны трое ўнукаў і ўжо чацвёра праўнукаў.

Пражыўшы доўгае жыццё, поўнае выпрабаванняў, галоўная парада, якую Клаўдзія  Іосіфаўна дае маладому пакаленню, простая, але мудрая: “Берагчы здароўе”. У гэтай кароткай фразе ўвесь вопыт чалавека, які ведае сапраўдную цану жыцця і сіл, неабходных для клопату пра блізкіх.

Подписывайтесь на телеграм-канал «Культура Дятловщины» по короткой ссылке @CULTUREDYATLOV И Инстаграм «Центр Культуры Дятлово» по короткой ссылке @tkultury.