Сацыяльна-культурны праект “Глыбінкай жыве Беларусь” – гэта асноўны праект, па якім працуе сектар нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці. І кожны раз артысты пераконваюцца ў гэтым, калі знаёмяцца з людзьмі з глыбінкі. Менавіта там, у аддаленых і маланаселеных вёсках нашага раёна і жывуць добрыя, шчырыя, душэўныя, адкрытыя людзі – душа беларускага народа.

З такой выдатнай жанчынай, 80-гадовай юбіляркай Ганнай Шавель з вёскі Русакі, адбылося чарговае знаёмства. Ганна Барысаўна нарадзілася на хутары Камяніца ў сялянскай сям’і, у якой выхоўвалася чацвёра дзяцей, і яна была самай малодшай. Сям’я жыла бедна, таму бацькам даводзілася вельмі шмат працаваць. Да працы прывучалі і дзяцей. З самых маленькіх гадоў Ганна спазнала ўвесь цяжар сельскага жыцця.

Скончыўшы чатыры класы Алёхнавіцкай чатырохгодкі, дзяўчынцы прыйшлося хадзіць у пяты клас у вёску Агароднікі. Затым Ганна моцна захварэла, на гэтым і скончылася яе вучоба. У 14 гадоў дзяўчына пайшла працаваць у калгас паляводам, дарэчы, яе працоўны стаж на гэтай пасадзе склаў 33 гады.
Неўзабаве сям’я пераехала ў вёску Русакі. Тут Ганна пазнаёмілася з працавітым суседам Арсеніем, які працаваў трактарыстам. Чатыры гады маладыя людзі сябравалі і ў 1967 годзе вырашылі ажаніцца. Вяселле было вельмі сціплым, але вясёлым. Ганна прыйшла ў дом мужа і стала паўнапраўнай гаспадыняй, таму што вельмі хварэла свякроў, усе гаспадарчыя пытанні дзяўчыне прыйшлося браць у свае рукі.

– Мы з Арсеніем Панцеляймонавічам жывём ужо 58 гадоў, і я ні разу не пашкадавала, што выйшла за гэтага цудоўнага чалавека замуж, – гаворыць Ганна Барысаўна. – У 1969 годзе ў нас нарадзіўся сын Віктар. Яму давялося служыць у Афганістане, вельмі перажывалі за яго лёс, але ўсё склалася добра. Цяпер Віктар жыве ў горадзе Бярозаўка. Радуюць нас сваімі поспехамі ўнучкі Алена і Ганна. Алена працуе тэхнічным перакладчыкам з англійскай і французскай мовы, а Ганна праграмістам, дзяўчынкі жывуць у Мінску. Нядаўна ў нас нарадзілася праўнучка Паліна, чаму мы вельмі рады.
У доме гэтай гасціннай гаспадыні можна ўбачыць шмат вязаных і вышытых рэчаў. Вязанне і вышыўка – хобі Ганны Барысаўны.

– З маладосці захапляюся рукадзеллем. А яшчэ люблю глядзець музычныя перадачы, ды і сама ведаю шмат песень і прыпевак, з песнямі жыць весялей, – адзначае юбілярка.


– Люблю і паважаю сваю жонку за яе працавітасць, вясёлы нораў. Жадаю ёй моцнага здароўя, душэўнай раўнавагі, дабрабыту, – павіншаваў з юбілеем Ганну Барысаўну муж.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Культура Дятловщины» по короткой ссылке @CULTUREDYATLOV И Инстаграм «Центр Культуры Дятлово» по короткой ссылке @tkultury.