На базе Цэнтра культуры і народнай творчасці горада Дзятлава прайшло пасяджэнне выніковага савета сектара культуры райвыканкама. Удзел у ім прынялі намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Бялятка і начальнік аддзела культурна-асветніцкай работы, мастацтваў і навучальных установаў упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Сяргей Давыдзік, работнікі Дамоў культуры, клубных установаў, бібліятэк, школ мастацтваў, кінавідэасеткі Дзятлаўшчыны.




З вынікамі работы за 2024 год прысутных пазнаёміў загадчык сектара культуры райвыканкама Васіль Шыцько. Ён адзначыў, што дзейнасць арганізацый была накіравана на рэалізацыю мэтаў і задач дзяржаўнай палітыкі ў сферы культуры, выкананне мерапрыемстваў і дасягненне паказчыкаў Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2021-2025 гады. На тэрыторыі раёна праводзіліся мерапрыемствы, прымеркаваныя да знакавых падзей гісторыі і сучаснасці нашай краіны, цэнтральнае з якіх належыць 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.


Васіль Васільевіч расказаў, што за мінулы год удалося істотна абнавіць матэрыяльна-тэхнічную базу дзякуючы фінансавай падтрымцы кіраўніцтва раёна. У 2024 годзе за сродкі раённага бюджэту праведзены бягучы рамонт даху Цэнтра культуры ў Дзятлаве, Гезгалаўскім доме культуры, рамонт фасаду Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў агульным коштам звыш 42 тысяч рублёў; закуплены аўтамабіль МАЗ на 16 месцаў за 195 тысяч рублёў, на базе якога створаны аўтаклуб; для работы з аддаленымі населенымі пунктамі для Дзятлаўскай раённай бібліятэкі набыты аўтамабіль-бібліобус за 190 тысяч рублёў, папоўнены бібліятэчны фонд на суму звыш 46 тысяч рублёў.

– На Дзятлаўшчыне ўдзяляецца вялікая ўвага ўстановам культуры. Дзякуй раённым уладам за тое, што разумеюць важнасць работы сектара для нашых жыхароў, актыўна падтрымліваюць, у тым ліку фінансава. У сваю чаргу, будзем старацца працаваць актыўна, вынікова, ярка, аздабляючы жыццё дзятлаўчан прыгожымі культурнымі мерапрыемствамі. У ліку планаў на год – прадоўжыць мадэрнізацыю і ўзняць нашы брэндавыя мерапрыемствы, такія як “Зецельскі фэст” і “Фестываль-карнавал роставых лялек” на рэспубліканскі ўзровень, – Васіль Васільевіч.


Аб бібліятэцы як рэсурсе захавання гістарычнай памяці, патрыятычным аспекце ў рабоце Дзятлаўскай раённай бібліятэкі, пра яркія праекты да юбілею вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў расказала загадчыца аддзела бібліятэчнага маркетынгу ўстановы Святлана Сербін.


Дырэктар Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў Ала Барысенка падзялілася напрацоўкамі свайго калектыву па павышэнні эфектыўнасці работы праз развіццё кадравага патэнцыялу і пазабюджэтнай дзейнасці.


Аб тым, як наладжана работа з рознаўзроставым насельніцтвам у аграгарадках, расказала загадчыца Гезгалаўскага дома культуры Святлана Русак.


Сяргей Давыдзік падзякаваў дзятлаўскім калегам за выніковую работу, выкананне прагнозных паказчыкаў і планаў пазабюджэтнай дзейнасці, ініцыятыўнасць і нераўнадушша да сваёй справы. Ён выказаў словы ўдзячнасці кіраўніцтву раёна за ўсебаковую падтрымку ўстановаў культуры, падкрэсліўшы, што ў гэтым плане Дзятлаўскі раён – прыклад для многіх іншых.
Сяргей Мікалаевіч давёў планы на гэты год, якія агучваліся на абласным савеце культуры ў Гродне. У ліку найбольш важных – прыцягненне ў сферу маладых кадраў, увага – на свайго чытача, гледача, слухача, юнага музыканта і наладжванне сістэматычнай работы з імі. Таксама прадаўжаецца работа па захаванні культурнай спадчыны раёна (у тым ліку нематэрыяльнай), акцэнт на пераемнасць пакаленняў, работу і папулярызацыю народных майстроў і калектываў.

Вадзім Бялятка падзякаваў работнікам культуры за работу і актыўную грамадзянскую пазіцыю, удзел у выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь як у саставе камісій на выбарчых участках, так на святочных канцэртах у асноўны дзень галасавання. Ён адзначыў, што на гэты год таксама ёсць многа планаў па абнаўленні матэрыяльнай базы ўстановаў культуры, якія будуць рэалізаваны з падтрымкай раённага бюджэту.
– Заўсёды прыемна бачыць дзятлаўчан на абласной і рэспубліканскай сцэне. У ліку іх сёлета загадчыца метадычнага аддзела Цэнтра культуры і народнай творчасці Марына Лукіянец, якая была адзначана Ганаровай граматай упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама. Не сакрэт, што, як любая сфера жыцця, культура раёна таксама не абыходзіцца без праблем і пытанняў, якія будзем вырашаць сумеснымі намаганнямі. Мы распачалі пяцігодку добраўпарадкавання, а значыць кожная ўстанова павінна актыўна ўключыцца ў работу па навядзенні парадку ў памяшканнях і на даверанай вам тэрыторыі, каб установы культуры радавалі землякоў і гасцей Дзятлаўшчыны не толькі сваёй творчасцю, але і знешнім выглядам.

Сяргей Давыдзік уручыў Ганаровую грамату ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Таццяне Дудкінай.

Граматамі сектара культуры Дзятлаўскага райвыканкама былі адзначаны Марына Крупіца, Святлана Магера, Галіна Сёмуха, Святлана Бубен, Карына Кашко, калектыў традыцыйнага мастацтва і рамёстваў. Узнагароды калегам уручыў Васіль Шыцько.










Па выніках работы за 2024 год сярод клубных установаў раёна І месца ў Казлоўшчынскага, ІІ – у Новаяльнянскага, ІІІ – у Данілавіцкага дамоў культуры.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Культура Дятловщины» по короткой ссылке @CULTUREDYATLOV И Инстаграм «Центр Культуры Дятлово» по короткой ссылке @tkultury.