Са святам, мудрыя людзі! (+відэа)
1 кастычніка разам з усёй Беларуссю дзятлаўчане ўшаноўваюць людзей залатога ўзросту, актыўных і заўжды маладых душой.
У Цэнтры культуры і народнай творчасці горада Дзятлава адбыліся святочныя мерапрыемствы да Дня пажылых людзей.
У межах работы інфармацыйнай лабараторыі, якая працавала ў фае ўстановы, спецыялісты ААТ “ААБ Беларусбанк” пракансультавалі гасцей свята па новых банкаўскіх паслугах, супрацоўнікі Дзятлаўскага РАНС нагадалі пра бяспеку і расказалі пра акцыю “З клопатам аб бяспецы малой радзімы”, якая праходзіць у Беларусі з 16 верасня па 4 кастрычніка. Дзятлаўчане мелі магчымасць задаць пытанні доктару тэрапеўту і памераць артэрыяльны ціск.
У святочнай зале сабраліся тыя, хто даўно знаходзіцца на заслужаным адпачынку, і актыўныя пенсіянеры, якія і сёння працуюць у калектывах Дзятлаўшчыны. Павіншаваць іх прыйшлі прадстаўнікі раённай улады, работнікі арганізацый і навучэнцы школ райцэнтра.
Шчырыя віншаванні людзям залатога ўзросту адрасаваў намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Бялятка:
– Гэта свята дабра і павагі, сімвал адзінства і пераемнасці пакаленняў, яркае сведчанне бязмежнай павагі да тых, хто з’яўляецца захавальнікам гістарычнай памяці і праўды, маральных асноў і багатых традыцый беларускага народа. Гэта выдатная магчымасць сказаць цёплыя словы ўдзячнасці вам – нашым бацькам і матулям, ветэранам працы, пенсіянерам, усім пажылым людзям за шматгадовую сумленную працу. Людзі залатога ўзросту і сёння з’яўляюцца актыўнымі грамадзянамі, прадаўжаюць, выкарыстоўваючы свае веды, рабіць вялікі ўклад у развіццё грамадства. Гледзячы на вас, моладзь стараецца прытрымлівацца гэтага цудоўнага прыкладу – шчыра любіць родную зямлю і рабіць усё магчымае на карысць сваёй Радзімы. Ад усяго сэрца жадаю вам моцнага здароўя, актыўнага даўгалецця, душэўнай цеплыні і шчасця. Няхай у доме пануе дабрабыт, здароўя хопіць на ўсе планы, а людзі ставяцца да вас з павагай і пашанай.
На працягу канцэрта гучалі добрыя песні, музычныя і танцавальныя нумары. Не абышлося свята без выступлення прадстаўнікоў віноўнікаў урачыстасці – народнага хора ветэранаў працы Дзятлаўшчыны “Ветэраны ў страі”, які ўжо шмат гадоў радуе землякоў сваёй творчасцю.
Завяршыліся мерапрыемствы сеансам кінатэрапіі – праглядам добрага савецкага кінафільма “Дзяўчаты”.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Культура Дятловщины» по короткой ссылке @CULTUREDYATLOV И Инстаграм «Центр Культуры Дятлово» по короткой ссылке @tkultury.