Равеснікі вызвалення. Марыя Шышня: “Удзячная лёсу за шчасліва пражытыя гады”
У рамках акцыі “Равеснікі вызвалення” творчы калектыў сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці павіншаваў з 80-гадовым юбілеем Марыю Шышню.
Марыя Баляславаўна нарадзілася ў вёсцы Заполле. Акрамя яе, у сям’і выхоўваліся яшчэ сястра і брат. Дзяўчына скончыла 10 класаў Дзятлаўскай сярэдняй школы № 2 і пайшла працаваць у льнаводчае звяно, затым пяць гадоў была загадчыцай фермы. І ўсё ж дзяўчына вырашыла, што неабходна атрымаць адукацыю, таму паступіла ў Ашмянскі сельскагаспадарчы тэхнікум, дзе набыла прафесію бухгалтара. Гэтую пасаду яна займала ў калгасе 30 гадоў.
Па натуры Марыя Баляславаўна заўсёды была адказнай, працавітай, энергічнай, таму яе выбралі сакратаром камсамольскай арганізацыі, шмат гадоў з’яўлялася яшчэ і камандзірам санітарнай дружыны. За актыўную жыццёвую пазіцыю і дасягненні ў працы імя жанчыны неаднаразова заносілі на Дошку гонару, прымала ўдзел у рэспубліканскім з’ездзе Таварыства Чырвонага Крыжа. А грамат, дыпломаў, падзяк – не злічыць.
З будучым мужам дзяўчына сябравала з дзяцінства, хадзілі ў адну школу. У 1965 годзе маладыя людзі пажаніліся. Назаўжды ў памяці засталося камсамольскае вяселле. 1 студзеня ў Раклевіцкім доме культуры шлюб рэгістравала сакратарка райкама камсамола Ядзвіга Савань.
Муж Антон Антонавіч спачатку працаваў у калгасе аграномам, потым інструктарам Дзятлаўскага райкама партыі, далей 28 гадоў быў старшынёй Дзятлаўскага сельскага Савета.
У іх сям’і нарадзіліся тры дачкі. Прыгажуні, разумніцы, у школе ўсе былі выдатніцамі, атрымалі добрую адукацыю і знайшлі сваё прызначэнне ў жыцці. Старэйшая Святлана займае пасаду эканаміста ў раённым сельгасупраўленні. Наталля атрымала медыцынскую адукацыю і цяпер працуе ў горадзе Ждановічы ў санаторыі. Малодшая дачка Ірына таксама стала медыкам, працуе ў рэанімацыйным аддзяленні дзятлаўскай бальніцы. У Марыі Баляславаўны пяцёра ўнукаў і ўжо дзве праўнучкі.
Юбілярка здзівіла гасцей прыгожымі тканымі і вышытымі вырабамі. Ткаць і вышываць юную Марыю навучыла маці. Зімовымі вечарамі жанчыны збіраліся ў суседа за кроснамі і займаліся рукадзеллем. А вось у летне-восеньскі перыяд, акрамя хатніх клопатаў, даводзілася палоць, ірваць, абіваць, слаць, паднімаць, сартаваць, вязаць у снапы лён, далей яго грузілі на машыны і адвозілі на Дварэцкі льнозавод.
– Я ўдзячная лёсу за шчасліва пражытыя гады, – гаворыць Марыя Баляславаўна, – за цудоўных дзяцей, унукаў і праўнукаў, якія радуюць мяне сваімі дасягненнямі. Няхай усе людзі будуць здаровыя і шчаслівыя. І няхай заўсёды будзе мір на нашай зямлі.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Культура Дятловщины» по короткой ссылке @CULTUREDYATLOV И Инстаграм «Центр Культуры Дятлово» по короткой ссылке @tkultury.