Перад Вялікім пастом дзятлаўчане дружна, весела развітваліся з Зімой і сустракалі Вясну ў час культурна-спартыўнага свята, якое прайшло на плошчы 17 Верасня ў Дзятлаве.

У лепшых традыцыях народных гулянняў ладзіліся вясёлыя конкурсы і спаборніцтвы, мастар-класы па побытавых танцах, працавалі атракцыёны і гандлёвыя кропкі, праходзіла дэгустацыя бліноў і іншай смакаты, гучалі песні, шчодрыя гаспадыні частавалі ўсіх гасцей свята блінамі з самаробнай “печы”.

Якіх толькі прысмакаў ні прыгатавалі гаспадыні арганізацый Дзятлаўшчыны на Масленіцу!.. Аладкі, блінчыкі з дзясяткамі начынак, мяшочкі, блінныя тарты і нават цэлыя мастацкія кампазіцыі з бліноў. Усе яны былі па заслугах ацэнены конкурснай камісіяй і гасцямі свята, якія маглі пачаставацца на любым “падворку”. Таксама журы ацэньвала прэзентацыю страваў і ляльку Масленіцы ад кожнага калектыву.























































Упрыгажэннем свята стаў ужо традыцыйны на Дзятлаўшчыне конкурс “Міс Вясна”, у якім прынялі ўдзел дзесяць канкурсантак з навучальных установаў і арганізацый раёна. У час дэфіле дзяўчаты прадэманстравалі свае модныя вясновыя строі, уразілі дасціпнасцю ў час інтэлектуальнага конкурсу і паказалі сваю дружную групу падтрымкі, сабраўшы “Масленічны цягнік”.























На галоўнай святочнай сцэне прайшла цырымонія ўзнагароджання пераможцаў.



Дыплом першай ступені і тытул “Міс Вясна” атрымала Кацярына Губко з сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава імя А. М. Чурылы, другое месца ў Дар’і Альшэўскай, якая прадстаўляла Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна, трэцяй стала Вікторыя Дарафейчык з Дварэцкай сярэдняй школы.




У конкурсе на лепшыя масленічныя бліны некалькі гадоў запар не выпускаюць перамогу з рук кулінаркі Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства, яны былі адзначаны дыпломам 1-й ступені, дыплом 2-й ступені – у КСУП “Жукоўшчына”, дыплом 3-й ступені – у Гезгалаўскага дзіцячага сада.





Тым часам на спартыўнай пляцоўцы свята разгортваліся масленічна-спартыўныя баталіі. Удзел у іх прымалі чатыры каманды ад працоўных калектываў раёна. Удзельнікі конкурсаў паказалі хуткасць і спрыт у пераносцы бліноў на лапатах, згуртаванасць каманды – у конкурсе лыжнікаў, трапнасць – у дартсе і хакейным турніры.













Па выніках агульнага заліку за ўсе віды спаборніцтваў пераможцам міні-спартакіяды стала каманда Дзятлаўскага РУП ЖКГ, на другім месцы замацаваліся спартсмены Дзятлаўскага лясгаса, на трэцім – калектыў Дзятлаўскага РЭС.





Зіма сёлета была мяккай, лагоднай, але і з ёй надышоў час развітацца. Каб зрабіць гэта, удзельнікі свята правялі традыцыйны народны абрад спальвання пудзіла Масленіцы, каб у святочным агні згарэлі ўсе цяжкасці і нягоды, а красуня-вясна хутчэй уступіла ў свае правы цёплым надвор’ем.




