Дзятлаўчане, якія наведалі абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі ў Ваўкавыску, падзяліліся сваімі ўражаннямі аб мерапрыемстве.
Яўген Клімко, майстар ААТ “Лікёра-гарэлачны завод “Алгонь”:

– У календары для мяне не так шмат святаў, якія па значнасці могуць параўнацца з “Дажынкамі”. Гэты дзень прысвячаецца хлебаробам, працавітым людзям, якія кормяць усю краіну. На галоўнай сцэне свята заслужаныя ўзнагароды атрымліваюць героі жніва, якія, не шкадуючы сіл, вялі бітву за ўраджай, якія могуць адпачыць, а ўжо заўтра вернуцца да сваёй паўсядзённай работы на зямлі. Усім працаўнікам сяла, раёнам-удзельнікам, гасцям гэтага цудоўнага свята жадаю добрага настрою, нязменна выдатнага ўраджаю і мірнага неба над галавой.
Яўген і Ларыса Горбачы, жыхары гарпасёлка Казлоўшчына:

– Адчуваецца размах свята. Горад-гаспадар сустракае гасцей звонкімі песнямі, танцамі, прыемнымі водарамі страў і сюрпрызамі. Плануем наведаць усе пляцоўкі і абавязкова купіць сувеніры на памяць. Столькі прыгожых караваяў, хлебабулачных вырабаў і іншых пачастункаў – вочы разбягаюцца! Такое ў святочным Ваўкавыску ўсё маляўнічае і вабнае, што хочацца як мага даўжэй пабыць у гэтай атмасферы.
Анатоль Кардаш, майстар-кераміст:

– Кожны год з задавальненнем прымаю ўдзел у фестывалі “Дажынкі”. Сёння чарговы раз для сябе адзначыў, як год ад года расце ўзровень правядзення свята ўраджаю і прафесіяналізм майстроў, якія прадстаўляюць тут свае творчыя работы. Уражвае, як працуе фантазія гэтых людзей і як прафесійна ўвасабляюцца ідэі. Я таксама сёння не з пустымі рукамі: разам з калегамі з Дзятлаўшчыны прывёз свае вырабы і майстар-клас. Традыцыйна сёлета кожны раён прадставіў на конкурс сноп і каравай – усе яны розныя, па-свойму выдатныя. На мой погляд, дзятлаўскія канкурсанты выглядаюць дастойна на агульным фоне.