Стравы з таркаванай бульбы

Элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны  адлюстроўвае багатую, яскравую, самабытную народную спадчыну, звязаную з асаблівасцямі харчавання беларусаў. Паколькі працэс здраблення адбываецца рознымі спосабамі, таму атрымоўваюцца наступныя віды бульбяной масы: таркаваная, сырая абабраная бульба, здробленая на тарцы; клінковая, таркаваная маса адціснутая праз палатняны мяшочак-клінок і вызваленая ад вадкасці; тоўчаная, звараная абабраная бульба, даведзеная да кансістэнцыі кашы. Вядома безліч рэцэптаў страў з таркаванай буьбы, якія сёння актыўна скарыстоўваюцца гаспадынямі па ўсёй краіне.

Традыцыі прыгатавання страў з таркаванай бульбы на Гродзеншчыне заснаваны на даўнейшых тэхналогіях, якія перадаюцца ў сям’і з пакалення ў пакаленне і захоўваюцца стараннямі як носьбітаў традыцыі, так і намаганнямі работнікаў сферы культуры. Рэцэптура і тэхналогія прыгатавання традыцыйных страў актыўна выкарыстоўваецца як у паўсядзённым сямейным побыце, так і ў сучаснай кулінарыі. Для некаторых аграсядзіб Гродзеншчыны дранікі, прыгатаваныя па даўнейшых мясцовых рэцэптах, сталі гастранамічным брэндам.

Выпяканне дранікаў у выглядзе невялікіх бульбяных аладкаў – самы пашыраны спосаб прыгатавання страў са здробленай на тарцы сырой бульбы, мае розныя лакальныя назвы: “банды” (“бонды”); ”багатыя бонды”, “дзяруны”  (“дзіруны”), “агладкі з бульбы”, “картафлянікі”, ”картапляныя аладкі”, “бульбяныя пранікі”, “дранка”. У меню сучасных спажыўцоў з’яўляюцца і новыя назвы: “Дранікі кубанскія, святочныя” (аграсядзіба “Куба” ў Зэльвенскім раёне), “Дранікі па-лелюкінску” (аграсядзіба “Мільва” Лелюкінскага сельскага Савета Іўеўскага раёна), “Нацкія дзеруны” (аг. Нача Воранаўскага раёна)і інш.

Традыцыі народнай кухні Гродзеншчыны ўключаюць не толькі рэцэптуру і спосабы прыгатавання дранікаў, бульбяных бліноў, бабкі і іншых страў з таркаванай бульбы, але і пэўныя практыкі іх ужывання. Гэтыя стравы ў цяперашні час не знайшлі прымянення ў святочнай культуры як было раней у часы дэфіцыту алея і спецый, а ўвайшлі ў паўсядзённую практыку сямейнага харчавання гарадскіх і вясковых жахароў, пачастунку ўдзельнікаў талакі пад час сельскагаспадарчых работ. У часы ваенных ліхалеццяў бульбяныя стравы дбайных гаспадынь ратавалі сем’і ад голада. ”Сухія” бульбяныя бліны, змазаныя лоем (барановы тлушч) альбо здорам (унутраны свіны тлушч) і па сённяшні дзень лічацца дзейсным прафілактычным лекавым сродкам пад час прастудных захворванняў.

Як сцвярджаюць большасць гаспадынь, сакрэт прыгатавання дранікаў вельмі просты – іх трэба смажыць адразу пасля таго, як гатова рошчына, і падаваць на стол гарачымі. Менавіта гэта акалічнасць спрыяе больш цеснаму яднанню і збліжэнню родзічаў, якія ў пэўныя дні (у большасці выхадныя) збіраюцца ў бацькоўскай хаце за сямейным сталом, ўмацоўвае сямейныя сувязі.

Для супольнасці веданне сваёй нацыянальнай  культуры з’яўляецца кансалідуючым фактарам, спрыяе захаванню, развіццю, папулярызацыі рэгіянальнай традыцыі, выхоўвае ў маладога пакалення паважлівыя адносіны да продкаў, садзейнічае фарміраванню любові да сваёй Радзімы.